Маладэчна: Подпісы за Лукашэнку збіралі ў хворых людзей
Як стала вядома, у маладэчанскай раённай бальніцы пацыентаў прасілі падпісацца за Лукашэнку.
Пры афармленні ў бальніцу хворы мусіць мець пры сабе пашпарт. Таму збіраць подпісы ў бальніцы вельмі зручна: і дакумент у пацыента ёсць, і адмаўляць медработніку, ад якога залежыць тваё здароўе, неяк няёмка.
Распавядае пацыентка аддзялення “Пульманалогія”:
- Да нас у палату зайшла жанчына ў белым халаце і папрасіла паставіць подпісы за Лукашэнку. Ніякага бэйджа ў яе не было, дакументы яна не прад’яўляла. Таму невядома, ці гэта была медработніца, ці проста сябра ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, якой дазволілі збіраць подпісы ў бальніцы. Яе з’яўленне дало нагоду хворым для выказвання незадаволенасці, маўляў, няхай спачатку Лукашэнка забяспечыць бальніцы неабходнымі лекамі. Бо апошні тыдзень ў аддзяленні не было элементарнага “Навакаіну”, таму даводзілася трываць вельмі балючыя ўколы, таксама былі перабоі за антыбіётыкамі.
Па назіраннях, асаблівага жадання падпісвацца ў большасці пацыентаў не было.
Медперсаналу таксама была “прадастаўлена магчымасць” здаць подпіс у працоўны час за вылучэнне гэтага кандыдата.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”