Слонім: У выбаршчыкаў з’явілася магчымасць выказацца
Раённыя газеты Слоніма, Зэльвы і Дзятлава не жадаюць асвятляць ход выбарчай кампаніі ў сваіх рэгіёнах. Газеты апублікавалі на сённяшні дзень толькі звесткі аб стварэнні раённых камісій і невялікія паведамленні пра тое, дзе нельга праводзіць пікетаванні з мэтай збору подпісаў. На гэтым усё.
Адзінай крыніцай інфармацыі ў гэтых рэгіёнах з’яўляецца недзяржаўны масава-палітычны штотыднёвік “Газета Слонімская”, які выходзіць накладам 6 тысяч асобнікаў. Штотыднёвік у кожным нумары знаёміць чытачоў з тымі падзеямі, якія адбываюцца вакол выбарчай кампаніі.У газеце пачала працаваць гарачая лінія “Выбары-2010”, куды ў любы час сутак могуць патэлефанаваць выбаршчыкі і падзяліцца сваімі думкамі і чаканнямі наконт прэзідэнцкіх выбараў.
Нядаўна на гарачую лінію патэлефанаваў пенсіянер са Слоніма Міхаіл Болцік і сказаў наступнае: “Наш прэзідэнт 16 гадоў ва ўладзе. Няўжо ён думае, што ўсё робіць правільна, і сваіх памылак не заўважае? Вядома, мне як пенсіянеру, перамены не патрэбны, мяне шмат што задавальняе. Але ж у мяне ёсць дзеці і ўнукі. І я думаю пра іх будучыню, а не пра сваю. Як так атрымліваецца, што іх зарплата аднолькава з маёй пенсіяй, а то і меншая? А маладым сёння неабходна выхоўваць дзяцей, карміць іх, утрымліваць сям’ю, апранацца і г.д. А на ўсё гэта трэба грошы. Упэўнены, што рэвалюцыі ніхто не хоча, яны нікому не патрэбна. Але кожны з нас хоча адчуваць сябе ў будучым больш камфортна, чым сёння. Таму наўмысна не заўважаць свае памылкі - гэта няправільна”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”