Маладэчна: Ініцыятыўная група Лукашэнкі мае магчымасць збіраць подпісы дзе заўгодна
На сайце Маладэчанскага райвыканкама, нарэшце, з’явілася інфармацыя пра змяненні ў рашэнні аб забароне месцаў для пікетавання.
Першапачатковае рашэнне забараняла пікетаванне на Цэнтральнай плошчы і каля Палаца культуры, а таксама каля будынкаў органаў улады, праваахоўных органаў і ўстаноў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва.
Маладэчанскія актывісты звярталіся ў аблвыканкам, каб са спісу былі выключаныя Цэнтральная плошча і Палац культуры. Урэшце іх просьбу задаволілі. Але, як заўважыў маладэчанскі праваабаронца Аляксей Хвосцік, “і пра сябе не забыліся”, бо таксама была адменена забарона наконт устаноў, забяспечваючых жыццядзейнасць насельніцтва. І значыцца, ў бальніцах, навучальных установах, на прадпрыемствах подпісы можна збіраць. Ды толькі доступ туды маюць выключна сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.
Такім чынам, абсалютна безперашкодна подпісы ўжо збіраліся на прадпрыемстве “Маладэчанскія электрасеткі”, у раённай бальніцы, СШ №12, Маладэчанскім палітэхнічным каледжы.
Сябраў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, якія збіраюць подпісы абыходам кватэраў, у Маладэчне заўважана не было.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”