viasna on patreon

Слонімскі раён: Выбарчы ўчастак пад гільзамі снарадаў

2010 2010-10-18T16:47:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/slonim-hata-uchastak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На тэрыторыі Слонімскага раёна ўтворана 49 участкаў для галасавання. Усе яны ў асноўным будуць знаходзіцца ў клубах і школах. Толькі адзін Хадзявіцкі ўчастак для галасавання № 31 будзе месціцца ў мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце. Справа ў тым, што жыхарам вёскі Хадзявічы больш няма дзе галасаваць. На працягу апошніх 15 гадоў у вёсцы ліквідавалі клуб, бібліятэку, закрылі школу, якая месцілася ў вялікім цагляным двухпавярховым будынку. Застаўся толькі фельчарска-акушэрскі пункт. Але і ён цяпер знаходзіцца ў звычайнай хаце былога вяскоўца Рыгора Важэйкі, які ўжо даўно памёр.

Пасля вайны жыхар вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна Рыгор Важэйка пачаў будаваць сабе новую хату. Збудаваў яе хутка, а дах вырашыў накрыць гільзамі ад снарадаў. Гэтых гільзаў пасля вайны ў мясцовым лесе валялася шмат. Вясковец запрагаў каня і ехаў у лес. Там ён знаходзіў гільзы ад снарадаў, збіраў іх і прывозіў дамоў. Потым браў зубіла і штодня высякаў роўненькія кавалачкі металу. Імі ён накрыў дах сваёй хаты, веранду і хлеў.

Цяпер у хаце пад гільзамі мясцовая фельчарка лечыць людзей. А 19 снежня  больш за 200 вяскоўцаў прыйдуць сюды, каб аддаць свой голас за будучага прэзідэнта. Як вяскоўцы жартуюць: наш выбарчы ўчастак пад гільзамі снарадаў самы надзейны ў Беларусі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства