Віцебск: Затрымалі зборшчыка подпісаў Алеся Галаваня
Алесь Галавань распавёў, што яго затрымалі ўчора ўвечары, калі ён вяртаўся дахаты пасля збору подпісаў – ён сябра ініцыятыўных групаў Алеся Міхалевіча, Віталя Рымашэўскага і Рыгора Кастусёва.
Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ён падазраецца ў крымінальным злачынстве, прымусілі хлопца прайсці тэст на алкаголь, і калі высветлілася, што ён абсалютна цвярозы, павезлі ў Першамайскі РАУС.
У райаддзеле склалі пратакол апісання асабістых рэчаў, у тым ліку падпісных аркушоў, а бел-чырвона-белы сцяг, пад якім хлопец збірае подпісы, забралі “у якасці рэчавага доказу”.
Ноччу Алеся Галаваня адпусцілі, але ён даў распіску, што сёння а 14-й гадзіне з’явіцца ў пастарунак да следчага для высвятлення ўсіх акалічнасцяў.
На думку віцебскай зборшчыцы подпісаў Тамары Карызны, прычынай затрымання магла стацца менавіта актыўнасць Алеся Галаваня: бел-чырвона-белы сцяг, пад якім ён збірае подпісы на Полацкім кірмашы, прыцягвае ўвагу вялікай колькасці выбаршчыкаў.
- Нават збіральнікі подпісаў за Аляксандра Лукашэнку спрабуюць уладкавацца бліжэй да Алеся, каб да іх таксама падыходзілі, - кажа спадарыня Карызна. - А ўвогуле па колькасці сабраных за Алеся Міхалевіча подпісаў наш Алесь Галавань “трымае “ другое месца ў горадзе. І ў тое, што ён мог здзейсніць нешта крымінальнае, мы не верым.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”