ЦВК: Прапанова праваабаронцаў можа быць разгледжана пры далейшым удасканаленні выбарчага заканадаўства
19 кастрычніка Сяргей Гоўша і Карней Пятровіч атрымалі адказ з ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай. Баранавіцкія праваабаронцы звярталіся ў Цэнтрвыбаркам з нагоды таго, што два сябры гарадской ТВК уваходзяць у ініцыятыўную групу А.Лукашэнкі, і прапаноўвалі ўнесці адпаведныя змены ў заканадаўства, каб забяспечыць роўныя прававыя магчымасці перадвыбарчай дзейнасці ўсім прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта.
У сваім адказе Лідзія Ярмошына прызнае той факт, што двое сябраў Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі былі ўключаны ў склад ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. Далей старшыня ЦВК паведамляе, што ў выніку праверкі ўстаноўлена, што гэтыя грамадзяне ўдзелу ў працы ініцыятыўнай групы “не прымалі”, пасведчанняў і бланкаў падпісных лістоў “не атрымлівалі”. Таму Л.Ярмошына зрабіла выснову, што меркаванні, С.Гоўшы і К.Пятровіча наконт таго, што сяброўства ўказаных імі асобаў у ініцыятыўнай групе створыць перашкоды для неперадузятай рэалізацыі паўнамоцтваў Баранавіцкай выбарчыя камісіі, “не маюць дастатковых падставаў”.
Напрыканцы свайго адказу Лідзія Ярмошына суцешыла баранавіцкіх праваабаронцаў тым, што іх прапанова аб забароне сумяшчэння функцыі сябра выбарчай камісіі і сябра ініцыятыўнай групы можа быць разгледжана пры далейшым удасканаленні выбарчага заканадаўства.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”