Бабруйск: Скаргі падзейнічалі
Пасля таго, як сябраў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева не пусцілі збіраць подпісы ў інтэрнаты, яны напісалі скаргі.
- Нашых людзей не пусцілі ў інтэрнат №12 для вайскоўцаў па вуліцы Дзімітрава, “белшынаўскі” інтэрнат па вуліцы Ульянаўская, 94 і яшчэ ў адзін па вуліцы Гогаля, 189, - распавядае сябра ініцыятыўнай групы Някляева Алена Мядзведзева. - Спачатку мы тэлефанавалі ў Цэнтрвыбаркам, але там нам адказалі, што па інтэрнатах не прынята хадзіць, і параілі паставіць пікеты ля ўваходаў. Але мы па ўсіх гэтых выпадках напісалі шэсць скаргаў, якія накіравалі ў ваенную пракуратуру, гарадскую пракуратуру і Цэнтрвыбаркам.
Алена Мядзведзева адзначыла, што ўжо праз некалькі дзён скаргі падзейнічалі -ініцыятыўную групу пусцілі ў гэтыя інтэрнаты:
- Я спецыяльна прайшлася менавіта па гэтых інтэрнатах і праверыла, ці сапраўды там зараз можна збіраць подпісы. Аказалася – можна. Каменданты перапісалі мае пашпартныя дадзеныя, але перашкодаў у зборы подпісаў не чынілі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”