Барысаў: Ва ўстановах адукацыі выбаршчыкаў ўводзяць у зман
Сябры ініцыятыўнай групы, якія збіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку, увялі ў зман супрацоўнікаў Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, заявіўшы, што аддаць свой голас можна толькі за аднаго прэтэндэнта.
Пра гэта паведаміў незалежнаму сайту «Барысаў Электронны» адзін з сябраў ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва. «Жанчына з нашай працы (Барысаўскі дзяржаўны каледж. - Аўт.) сказала, што можна толькі аднаму кандыдату аддаць свой голас, значыць, за іншага я ўжо не маю права падпісацца», - распавяла барысаўчанка, да якой прыйшлі зборшчыкі подпісаў за Кастусёва. Калі сябра ініцыятыўнай групы растлумачыў ёй некаторыя палажэнні выбарчага заканадаўства, жанчына абурылася, маўляў, яе калегу, які збіраў подпісы за Лукашэнку, няправільна інструктавалі або свядома накіравалі на падачу загадзя недакладнай інфармацыі.
Нагадаем, у Барысаве ўжо быў выпадак, які сведчыць аб дэзінфармацыі ў адукацыйных установах. Зборшчык подпісаў за Яраслава Раманчука стаў сведкам істэрыкі 15-гадовай навучэнкі ліцэя, маці якой падпісалася за апазіцыйнага прэтэндэнта. Дзяўчынка плакала і крычала, што цяпер яе выганяць з ліцэю.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"