viasna on patreon

Гомельская міліцыя “абараняе” вну ад пікетоўшчыкаў

2010 2010-10-20T19:00:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gomeski-universitet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябры ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Уладзіміра Някляева ў Гомелі вырашылі 20 кастрычніка змяніць месца свайго сталага пікету каля ўнівермага «Гомель» - перайшлі да галоўнага корпуса ўніверсітэта ім.Ф.Скарыны і корпуса філалагічнага факультэта. Тут жа  ахоўнік універсітэта праявіў выключную пільнасць і выклікаў міліцыю. Бо акрамя таго, што зборшчыкі подпісаў стаялі на ганку галоўнага корпуса, яны яшчэ і бел-чырвона-белыя сцягі разгарнулі. Варта заўважыць, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама, універсітэты не з'яўляюцца месцам, забароненым для правядзення пікетаў.

Міліцыя спрабавала пераканаць сябраў ініцыятыўнай групы, што каля ўніверсітэта подпісы збіраць нельга, але тыя, у сваю чаргу, паказалі рашэнне гарвыканкама, у якім нічога не гаворыцца пра ўніверсітэты як забароненыя для пікетаў месцы. Міліцыянеры ўзялі тлумачэнні з ахоўніка ўніверсітэта і пікетоўшчыкаў, нейкі час правялі ў ВНУ, нейкі час пастаялі ў нерашучасці ля пікетоўшчыкаў і з'ехалі.

Затым міліцыя зацікавілася пікетам ля філалагічнага факультэта ўніверсітэта ім.Ф.Скарыны. Ён таксама праходзіў пад бел-чырвона-белым сцягам, прытым у музычным суправаджэнні – пад песні беларускіх бардаў. Тут жа на барацьбу з «вальнадумствам» выйшла вахцёрка, якая спрабавала прагнаць пікетоўшчыкаў з ганка ўніверсітэта і крычала, што тут нельга стаяць. Затым падыйшоў мужчына, які не прадставіўся, і пераконваў зборшчыкаў подпісаў, што яны парушаюць закон, паколькі стаяць на адлегласці менш за 50 метраў ад прыпынку грамадскага транспарту. Але сябры ініцыятыўнай групы паказалі яму здымкі, на якіх выразна было відаць, як сябры ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за А.Лукашэнку стаяць на пікеце адразу каля прыпынку грамадскага транспарту і ля падземнага пешаходнага пераходу. «Я спытаўся ў таго чалавека - а ці гэтая група парушае закон? Ён адказаў, што не. Тады я зазначыў, што калі яны не парушаюць, дык і мы таксама - не парушаем», - кажа зборшчык подпісаў Кастусь Жукоўскі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства