Барысаў. Назіральнікі хочуць бачыць працэдуру праверкі подпісаў
Назіральнікі ў Барысаўскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Алег Мацкевіч і Марына Статкевіч звярнуліся ў Барысаўскі райвыканкам і Барысаўскую ТВК з пісьмовымі заявамі.
У заяве ў Барысаўскі райвыканкам назіральнікі просяць дапусціць іх да назірання за працэдурай стварэння ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта, а ў Барысаўскую ТВК - за працэдурай праверкі сапраўднасці подпісаў у падпісных лістах з подпісамі выбаршчыкаў у падтрымку асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Беларускае выбарчае заканадаўства не гарантуе ўдзел назіральнікаў падчас працэдуры фарміравання камісій, у той жа час, і забароны на гэта няма. Што тычыцца працэдуры праверкі подпісаў, то назіральнікі лічаць, што яны маюць права пры гэтым прысутнічаць, паколькі любая сумесная дзейнасць тэрытарыяльнай камісіі павінна расцэньвацца як паседжанне. Пры гэтым не паўстане сітуацыі, што назіральнікаў запросяць толькі для таго, каб назваць вынікі праверкі подпісаў, а сама працэдура застанецца для іх закрытай. «Юрыдычна, - кажа назіральнік Марына Статкевіч, - падставы для адмовы ў ТВК і райвыканкама няма».
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»