viasna on patreon

Праваабаронца заяўляе пра грубыя парушэнні заканадаўства прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі

2010 2010-10-22T18:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 кастрычніка прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч накіраваў у Цэнтральную камісію скаргу па фактах, выкладзеных у публікацыі на сайце Еўрапейскага радыё для Беларусі.

Да журналістаў патрапіла копія дакумента, падпісанага начальнікам аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы Упраўлення адукацыі Ленінскага раёна Мінска А.Н. Насковай. Ідэолаг просіць кіраўнікоў навучальных установаў “забяспечыць удзел маладых, ініцыятыўных супрацоўнікаў” у пікеце на пляцоўцы ля мінскага рынка “Серабранка”.

Дакумент, які мае назву “Графік удзелу ў пікеце пляцоўка каля рынка “Серабранка” ад 14.10.2010 г.”, утрымлівае спіс прозвішчаў сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі,  а таксама спіс адукацыйных установаў з пазначэннем колькасці супрацоўнікаў, якіх гэтыя ўстановы павінны накіраваць для ўдзелу ў пікеце па зборы подпісаў выбаршчыкаў. У графіку ўказаны таксама даты і час правядзення пікету. За кожнай адукацыйнай установай замацаваны канкрэтны дзень і час.

У скарзе В.Стэфановіч спасылаецца на тое, што ў адказах на пытанні радыёжурналіста Андрэя Елісеева Анжэла Наскова пацвердзіла факт існавання дадзенага дакумента і патлумачыла, што ініцыятыва аб стварэнні  графіка зыходзіла ад выбарчага штаба А.Лукашэнкі. Праваабаронца заяўляе, што дакумент і публікацыя сведчаць пра грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства з боку прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі. Бо Упраўленне адукацыі Ленінскага раёна непасрэдна ўдзельнічала ў распрацоўцы і рассылцы  графіка кіраўніцтву падначаленых Упраўленню адукацыйных установаў па просьбе ці ўказанні штаба А.Лукашэнкі. “Прычым задзейнічаць супрацоўнікаў дзіцячых садкоў і школаў у пікеце па сборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам А.Лукашэнкі прапаноўвалася ў працоўны час – з 11.00 да 15.00 і з 15.00 да 19.00”, - падкрэслівае аўтар скаргі.

Праваабаронца лічыць, што ўказаныя факты з’яўляюцца недапушчальным выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурсу на карысць вылучэння кандыдатам у прэзідэнты А.Лукашэнкі, асабліва ў святле таго, што кіраўніком ініцыятыўнай групы апошняга з’яўляецца Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А.Радзькоў.

У скарзе ўказваецца на парушэнне ініцыятыўнай групай А.Лукашэнкі ч.8 арт.61 і ч.3 арт. 73 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, што, у сваю чаргу, паводле з ч.5 арт.49 ВК, можа з’яўляцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

В.Стэфановіч просіць Цэнтральную камісію правесці праверку ўказаных фактаў і даць ім адпаведную прававую ацэнку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства