viasna on patreon

Слуцк: Выбаршчыкаў падпісваюць за Лукашэнку, масава збіраючы пашпарты

2010 2010-10-25T13:27:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sluck1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Збіраючы подпісы па месцы жыхарства выбаршчыкаў, каманды альтэрнатыўных кандыдатаў сутыкаюцца з тым, што грамадзяне проста не маюць пашпартоў - дакументы збіраюць для афармлення падпісных лістоў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

З падобнай сітуацыяй часта сутыкаюцца, напрыклад, актывісты з каманды Уладзіміра Някляева. Пра гэта распавёў кіраўнік яго мясцовай ініцыятыўнай групы Анатоль Юрэвіч:

"Большую частку подпісаў мы збіраем па хатах. Але, напрыклад, сябра нашай групы не змог сабраць подпісы ў вёсцы Вясея. Старшыня сельсавета сабрала ў людзей пашпарты. Жыхары вуліцы Жураўскай засталіся без дакументаў. Акрамя таго, сябраў нашай ініцыятыўнай групы не пусцілі ў інтэрнат па вуліцы Леніна, 207. Гэты інтэрнат належыць да  ДУП "ЖРЭП № 3" УП "Мінскаблсельбуд". Дырэктар прадпрыемства Юрый Бандарэнка - дэпутат Слуцкага раённага савета - узначальвае ініцыятыўную групу Лукашэнкі па Слуцку. Жыхары інтэрната казалі, што ў іх сабралі пашпарты для афармлення падпісных лістоў па вылучэнню Лукашэнкі, і яны ў лістах нават не распісваліся ".

Таксама адзін з сябраў ініцыятыўнай групы Някляева Леў Цімошак адмаўляецца здаваць подпісы ў выбарчую камісію. "Ён працуе настаўнікам у Гольчыцкай сярэдняй школе. Дырэктар школы запатрабавала ад настаўнікаў не падпісвацца ні за каго, акрамя Лукашэнкі, і прыгразіла Цімошаку звальненнем. Ён мяне папрасіў больш яму не тэлефанаваць ", - паведаміў Анатоль Юрэвіч.

У нядзелю, 24 кастрычніка, каля ўнівермага "Слуцк" пікеты па зборы подпісаў правялі ініцыятыўныя групы трох прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Па словах Івана Цэдрыка, кіраўніка ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава па Слуцку, праблем падчас правядзення пікетаў у яго групы не ўзнікала.

"Толькі аднойчы да нас падышла працаўніца універмага і сказала, што мы псуем вітрыну. Але гэты інцыдэнт мы хутка ўладзілі. А вось учора я атрымаў адмову на размяшчэнне інфармацыі пра месца і час правядзення пікетаў у "бягучым радку". Супрацоўніца, якая прымае аб'явы ў "Тэхна-гандлёвым цэнтры" Гарант "(аператар кабельнага тэлебачання ў Слуцку), заявіла мне, што тэкст аб'явы я павінен узгадніць з старшынёй выканкама Даманеўскім", - распавёў І. Цэдрык.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства