Наваполацк: Зборшчыкаў подпісаў ратавала міліцыя
У Наваполацку міліцыі прыйшлося ратаваць двух зборшчыкаў подпісаў ад агрэсіўнага п’янага грамадзяніна.
Паводле слоў сябра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева Валерыя Шаўчэнкі, яны разам з другім зборшчыкам, Міхаілам Чадаевым, збіралі подпісы ў доме-маласямейцы. Для такіх дамоў характэрныя доўгія вузкія калідоры, звычайна слаба асветленыя. У такім калідоры зборшчыкі сустрэлі мужчыну, які запытаўся, што яны тут робяць і выказаў жаданне паставіць подпіс.
Ужо ў кватэры стала зразумела, што мужчына насамрэч вельмі нецвярозы. Калі зборшчыкі паспрабавалі сысці з кватэры, мужчына стаў паводзіць сябе вельмі агрэсіўна, кідацца ў бойку. Зборшчыкам прыйшлося шукаць паратунку ў суседняй кватэры і выклікаць міліцыю. У аддзяленні на мужчыну быў складзены адпаведны пратакол. Суд над правапарушальнікам прызначаны на 2 лістапада.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”