У Брэсцкім раёне пра выбары амаль не ўспамінаюць, галоўнае - Усебеларускі народны сход
Ні афіцыйны сайт Брэсцкага райвыканкама, ні дзяржаўная раённая газета “Заря над Бугом” не лічаць цяперашнюю выбарчую кампанію па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь важнай падзеяй, годнай рэгулярнага інфармавання грамадзян.
Да гэтага часу ў рубрыцы “Выбары”, створанай на сайце райвыканкама можна азнаёміцца толькі толькі з інфармацыяй аб першым пасяджэнні раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ (гэта пасяджэнне адбылося 30 верасня), яе кіруючых органах і месцы размяшчэння, а таксама аб рашэннях выканаўчай “вертыкалі”, якія тычацца стварэння ўчасткаў для галасавання і вызначэння месцаў, дзе забаронена правядзенне пікетавання з мэтай збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты РБ. Пра сам працэс збору подпісаў ніякіх звестак на сайце няма.
Таксама асвятляе перадвыбарную прэзідэнцкую кампанію і мясцовая "раёнка", абмежаваўшыся толькі публікацыяй афіцыйных дакументаў Брэсцкага райвыканкама на гэты рахунак. Куды больш важнай падставай “Заря над Бугом” палічыла правядзенне Адзінага дня інфармавання насельніцтва, які прайшоў пад лозунгам “Усебеларускі народны сход - вопыт дэмакратыі”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”