Магілёў: Спіс з квотамі на вылучэнне ва ўчастковыя камісіі знялі
“Спіс прадпрыемстваў, што вылучаюць прадстаўнікоў у склад участковых камісій”, вывешаны дагэтуль на дзвярах актавай залі Адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва, знік. Пра гэта паведаміў праваабаронца Аляксей Колчын. Ніякай тлумачальнай інфармацыі з гэтай нагоды сябры выбарчай камісіі не даюць.
Нагадаем, што спіс утрымліваў пералік участкаў, іх месцазнаходжанне, а таксама назвы прадпрыемстваў і установаў, што вылучаюць прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі з указаннем квоты для кожнага з гэтых прадпрыемстваў.
Напрыклад, у склад камісіі ўчастка №9, што размяшчаецца ў 35-й сярэдняй школе Магілёва, калектыў гэтай школы павінен вылучыць 15 прадстаўнікоў. А ў склад камісіі 21-га ўчастку, што месціцца ў інтэрнаце ЗАТ “Магілёўскі КСВ”, 5 чалавек павінен вылучыць ДУКДБП “УМ-106”, 8 - ЗАТ “Магілёўскі КСВ” і 2 - МДУКДВП “Завод ЭМІС”.
“На мой погляд, наяўнасць такога спісу - гэта сведчанне адбыўшагася нейкага агульнага сходу, на якім кіраўніцтву гэтых прадпрыемстваў давялі да ведама, колькі людзей ад іх працоўных калектываў неабходна вылучыць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Магчыма, такі сход прайшоў у межах адзінага дня інфармавання, бо супадаюць даты, - мяркуе праваабаронца Аляксей Колчын. - Тое, што такі спіс быў вывешаны, сведчыць пра пэўную прамашку адміністрацыі раёна. Яе ініцыятыва проста была спушчана ніжэйстаячым структурам. Думаю, што такія квоты і застануцца. Калі нічога не зменіцца, то мы больш дакладна прааналізуем сітуацыю і падумаем, як на гэта рэагаваць”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”