viasna on patreon

Светлагорск: Участковыя камісіі яшчэ не сфармаваны, а па дамах ужо ходзяць іх «прадстаўнікі»

2010 2010-10-26T11:43:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/svetlagorsk-uchastk-k.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле заканадаўства, участковыя камісіі па выбарах прэзідэнта  фарміруюцца не раней 1 лістапада. Аднак у Светлагорску (Гомельская вобласць) «прадстаўнікі ўчастковых выбарчых камісій» ужо звяраюць спісы выбаршчыкаў. Апазіцыя, якая хоча ўдзельнічаць у працы камісій, лічыць: улада сфарміравала іх таемна.

Увечары 25 кастрычніка ў доме 48 мікрараёна «Маладзёжны» хадзіла жанчына, якая прадстаўлялася як Ігнаценка Ірына Фёдараўна з участковай выбарчай камісіі (на здымку).

– Яна казала, што па загадзе свайго начальства звярае спісы выбаршчыкаў, –паведаміла кіраўнік Светлагорскай арганізацыі партыі «Справядлівы свет» Святлана Міхальчанка, якая ў гэты час збірала там подпісы за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты.

Дом 48 адносіцца да Калінінскага выбарчага ўчастка № 26, цэнтр якога – ў школе № 8. Аднак зараз створаны толькі ўчасткі, а ўчастковых камісій яшчэ не павінна быць: паводле Выбарчага кодэкса, да 31 кастрычніка адбываецца вылучэнне кандыдатур у іх. А фарміраванне камісій райвыканкамы праводзяць у перыяд з 1 па 3 лістапада. Гэта калі верыць «Каляндарнаму плану арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (зацверджаны Цэнтральнай выбарчай камісіяй).

– Але, збіраючы подпісы за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты, я яшчэ некалькі дзён таму назад у адным з дамоў сустрэла мужчыну, які казаў, што ён з участковай выбарчай камісіі, – гаворыць С. Міхальчанка.

Жыхары дома 48 падцвердзілі, што 25 кастрычніка да іх прыходзіла прадстаўнік участковай выбарчай камісіі, якая ў руках мела раздрукаваны спіс жыхароў. Адзін з жыхароў кажа, што бачыў падобную карціну і ў доме 45 таго самага мікрараёна:

– Сёння я хадзіў у сорак пяты дом, і там таксама жанчына з участковай камісіі звярала спісы выбаршчыкаў, – гаворыць Сяргей Шавяленка, жыхар дома 48. – Было гэта прыкладна за гадзіну да таго, як звяралі спіс у нашым доме.

Дом 45 уваходзіць у Фрунзенскі выбарчы ўчастак № 28 (цэнтр участка – гарадская гімназія).

Паводле выбарчага заканадаўства, спісы грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчых участкаў, перадаюць участковым камісіям мясцовыя выканкамы. Каму мог перадаць спісы Светлагорскі райвыканкам, калі камісіі яшчэ не сфарміраваны?

– Гэты факт сведчыць аб тым, што фарміраванне камісій – фікцыя, – гаворыць С. Міхальчанка. – Мы зараз рыхтуемся вылучыць у камісіі прадстаўнікоў нашай партыі.  Але думаю, што іх у камісіі не ўключаць, як і на ранейшых выбарах. На самой справе улада ўжо фактычна сфарміравала камісіі, таемна ад грамадскасці. Тое самае рабілася на выбарах і раней. Пры такіх камісіях нельга давяраць падліку галасоў на выбарчых участках.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства