Жодзіна: Назіральнік просіць рассакрэціць ад яго паседжанні гарадской камісіі
Назіральнік у Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі Аляксей Лапіцкі вымушаны быў звярнуцца ў камісію з пісьмовай заявай, у якой просіць паведамляць яму пра час правядзення паседжанняў. Справа ў тым, што нягледзячы на вусныя абяцанні, камісія пра час і месца пасяджэнняў назіральніку не паведамляе. Не паведамілі яму і пра апошняе, на якім вырашалася пытанне стварэння выбарчых участкаў у горадзе. А. Лапіцкі ў сваёй заяве адзначыў, што “адсутнічаюць любыя іншыя абвесткі і інфармацыя пра запланаваныя паседжанні камісіі, якія павінны праводзіцца ў межах вызначаных заканадаўствам і ЦВК тэрмінаў выбарчай кампаніі”.
“У дадзенай сітуацыі, я як назіральнік, у адпаведным парадку зарэгістраваны ў Жодзінскай ТВК, пазбаўлены неабходнай інфармацыі і элементарных магчымасцяў для здзяйснення паўнамоцтваў па назіранні за працай камісіі падчас паседжанняў,” - адзначае Аляксей Лапіцкі.
Назіральнік таксама звярнуўся ў Жодзінскую ТВК з просьбай прадставіць яму магчымасць прысутнічаць на паседжанні падчас праверкі подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў у кандыдаты, паведаміць пра час і месца правядзення гэтага паседжаньня.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”