Барысаў: Праваабаронцы не пакідаюць надзеі назіраць за праверкай подпісаў
Назіральнікі ў Барысаўскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Марына Статкевіч і Алег Мацкевіч накіравалі ў Мінскую абласную выбарчую камісію скаргу на забарону ТВК на назіранне за працэдурай праверкі сапраўднасці подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў.
Назіральнікі М.Статкевіч і В.Мацкевіч упэўненыя ў тым, што працэс праверкі сапраўднасці подпісаў, аддадзеных выбаршчыкамі за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, з'яўляецца вельмі важнай для выбарчай кампаніі працэдурай. Прысутнасць на паседжаннях назіральнікаў не забаронена выбарчым заканадаўствам краіны, яно проста не прадугледжана.
Зыходзячы з гэтых пазіцый, назіральнікі ў сваёй скарзе на дзеянні Барысаўскай ТВК просяць у Мінскай абласной выбарчай камісіі разгледзець заяву і прыняць адпаведнае рашэнне. Надзеі на тое, што ім усё ж будзе дазволена назіраць за працэсам праверкі сапраўднасці подпісаў, барысаўскія назіральнікі не пакідаюць.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"