У Віцебску аштрафавалі хулігана, які абражаў збіральнікаў подпісаў
Суддзя Кастрычніцкага райсуда Алеся Жарыкава прысудзіла Аляксандру Гайдукову штраф памерам 700 тысяч рублёў. Суд разгледзеў інцыдэнт, які адбыўся 18-га кастрычніка на вуліцы Леніна, дзе стаіць шэраг пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатау ў прэзідэнты.
Аляксандар Гайдукоў абражаў жанчын – удзельніц пікета, называў усіх прысутных “ворагамі народа”, а сябе – прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі. Урэшце пачаў пагражаць фізічнай расправай: заявіў, што ў яго “ёсць група”, якая знойдзе актывістаў і “іх парэжа”.
Як ужо паведамлялі http://www.spring96.org/be/news/36523 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, Вадзім Кузьмін, сябар ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука, скруціў хулігану рукі і пратрымаў да прыезду міліцыі. У судзе В.Кузьмін распавёў, што Гайдукоў падыходзіў да пікетоўцаў некалькі дзён запар, нецэнзурна выказваўся, спрабаваў распачаць бойку. Удзельнікі пікетаў некалькі разоў выклікалі міліцыю, аднак хуліган кожны раз уцякаў. Ахоўнікі правапарадку запісвалі яго прыкметы са словаў відавочцаў, але так і не затрымалі – пакуль гэтага не зрабілі самі пікетоўцы.
Маці Аляксандра Гайдукова спрабавала пераканаць суд, што яе сын – псіхічна хворы чалавек. Але падсудны яе словы катэгарычна адмаўляў, і ў матэрыялах справы таксама не было ніякіх медыцынскіх дакументаў пра стан здароўя Аляксандра Гайдукова.
Да таго ж высветліліся, што ён ужо быў неаднаразова асуджаны за адміністрацыйныя правапарушэнні – адпаведна, можа несці адказнасці за свае ўчынкі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”