Магілёў: Ці было паседжанне Адміністрацыі Ленінскага раёна па фармаванні ўчастковых камісій?
Такім пытаннем задаецца не толькі праваабаронца Аляксей Колчын, але і шэраг дэмакратычных актывістаў, чые кандыдатуры вылучаліся ў склад участковых выбарчых камісій Ленінскага раёна.
Паводле інфармацыі, якая сёння зранку была вывешана ў Адміністрацыі Ленінскага раёна г.Магілёва, паседжанне Адміністрацыі, на якім павінна было разглядацца пытанне аб фармаванні складу ўчастковых выбарчых камісій, мусіць адбывацца 1 лістапада а 8-ай раніцы.
“Цікава тое, што апошнія дакументы дэмакратычнымі актывістамі і асабіста мной заносіліся ў арганізацыйны аддзел Адміністрацыі Ленінскага раёна ў мінулую суботу вечарам і на той момант ніякай абвесткі пра час і месца паседжання Адміністрацыі Ленінскага раёна не было. Пра гэта адказныя за гэта асобы не маглі нічога канкрэтна сказаць”, - гаворыць праваабаронца Аляксей Колчын.
Праваабаронца адзначае, што на гэтае паседжанне не былі запрошаны прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый, якія вылучалі сваіх прэтэндэнтаў у склад участковых выбарчых камісій - негледзячы на тое, што яны прасілі пра гэта ў пісьмовай форме.
“З гэтай нагоды ўзнікаюць сумневы ў тым, ці праходзіла ўвогуле гэтае паседжанне, - гаворыць Аляксей Колчын. - Калі паседжанне і было, то на ім не разглядаліся прапановы апазіцыйных арганізацый. Мы будзем размаўляць з кіраўніцтвам дэмакратычных арганізацый, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій аб тым, каб яны абскарджвалі прынятыя на гэтым “паседжанні” рашэнні праз судовыя органы, бо ніякай інфармацыі аб правядзенні паседжання апазіцыйным актывістам папросту не далі”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”