Слуцк: Больш за 6660 выбаршчыкаў падпісаліся ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў
На паседжанні Слуцкай раённай выбарчай камісіі 30 кастрычніка былі агучаны вынікі збору подпісаў васьмі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты.
Па словах Віталя Амяльковіча, назіральніка пры Слуцкай раённай камісіі, які прысутнічаў на паседжанні, найбольшую колькасць подпісаў сабрала ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. 12852 слуцкіх выбаршчыкаў падпісаліся за яго вылучэнне. Як паведамлялася раней, кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі па Слуцку Юрый Бандарэнка адмаўляўся прадастаўляць інфармацыю аб ходзе збору подпісаў у падтрымку гэтага прэтэндэнта ў кандыдаты.
На другім месцы па колькасці сабраных подпісаў на Случчыне Уладзімір Някляеў. Яго ініцыятыўная група здала ў выбарчую камісію 1627 подпісаў. На трэцім месцы - Яраслаў Раманчук, за якога падпісаліся 1430 случчакоў. З невялікім адрывам ад яго Алесь Міхалевіч (1351 подпісаў), Рыгор Кастусёў (1189 подпісаў) і Андрэй Саннікаў (1006 подпісаў).
У Слуцкую РВК паступілі 42 подпісы ў падтрымку прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ад «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталя Рымашэўскага. За вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі падпісаліся 17 случчакоў.
Трое прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта - Мікалай Статкевіч, Зміцер Ус і Уладзімір Правальскі - не заручыліся падтрымкай слуцкіх выбаршчыкаў. Дзіўны той факт, што ўраджэнец Сулуччыны Мікалай Статкевіч не праявіў цікавасці да збору подпісаў у сваю падтрымку на сваёй малой радзіме.
Такім чынам, альтэрнатыўных кандыдатаў падтрымалі 6662 случчакоў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"