Бабруйск: Сябра БХК накіраваў скаргі ў гарвыканкам і ЦВК
Аляксандр Леаненка, бабруйскі сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта, накіраваў скаргі ў ЦВК і Бабруйскі гарвыканкам - у сувязі з адмовай у назіранні за фармаваннем участковых камісій у Ленінскім раёне.
“Адмова нашаму прадстаўніку ў ажыццяўленні назірання падчас фармавання ўчастковых выбарчых камісій прыцясняе законныя правы і інтарэсы як арганізацыі, так і асабіста грамадзяніна”, - гаворыцца ў скарзе.
Праваабаронца спасылаецца на артыкул 13 ВК Беларусі, паводле якога падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна, а таксама адзначае, што дадзены прынцып утрымлівае і артыкул 65 Канстытуцыі.
Аляксандр Леаненка лічыць, што пры такіх абставінах выбары на тэрыторыі Ленінскага раёна не могуць быць галоснымі, адкрытымі і справядлівымі.
Бабруйскі праваабаронца ў скарзе выказвае просьбу “правесці праверку па ўказаным парушэнні і ліквідаваць яго, а асобаў, якія дапусцілі парушэнне выбарчага заканадаўства, прыцягнуць да адказнасці”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”