Хоцімск: Вылучэнцы ад ГА БНФ “Адраджэнне” не ўвайшлі ў склад участковых выбарчых камісій
У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці вылучэнцы ад ГА БНФ “Адраджэнне” не былі ўключаны ў склад участковых выбарчых камісій. Пра гэта паведаміў назіральнік пры Хоцімскай раённай камісіі Валерый Каранкевіч.
Пасяджэнне Хоцімскага райвыканкама, на якім разглядалася пытанне аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій, адбылося 1 кастрычніка ў 9-30 у будынку раённага выканаўчага камітэта.
Гаворыць назіральнік Валерый Каранкевіч:
- Мяне запрасілі на гэта паседжанне, таму я меў магчымасць прысутнічаць пры зацвярджэнні складу ўчастковых камісій. Ад Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” ў Хоцімску вылучаліся два прадстаўнікі - на Ленінскі ўчастак № 1 і Набярэжны ўчастак № 3 – Петражыцкі Сяргей Міхайлавіч і Землякоў Васіль Іванавіч. Аднак пратакол аб іх вылучэнні наогул не разглядаўся - па тэхнічных прычынах, нібыта няправільна складзены. Наогул жа пытанне стварэння ўчастковых камісій было разгледжана на паседжанні Хоцімскага райвыканкама літаральна за пяць хвілін. Ніхто ніякія спіскі складу камісій не зачытываў, сказалі, маўляў, пагледзіце пасля ў раённай газеце, і прагаласавалі агулам аднагалосна за ўсіх унесеных у спіскі.
Таксама Валерый Каранкевіч паведаміў, што для праверкі ў Хоцімскую раённую камісію былі здадзены лісты з подпісамі толькі за двух прэтэндэнтаў – дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку і намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. За вылучэнне А.Лукашэнкі ў Хоцімскім раёне падпісалася 2 500 выбаршчыкаў, Рыгора Кастусёва падтрымала 365 чалавек.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”