Магілёў: Ва ўчастковыя камісіі Кастрычніцкага раёна дэмакратаў не пусцілі
2 лістапада адбылося пасяджэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Магілёва, на якім быў сфарміраваны склад участковых выбарчых камісій. З 33 вылучаных прадстаўнікоў ад дэмакратычных партый і арганізацый у склад участковых камісій не патрапіў ні адзін чалавек. Дэмакратычныя прадстаўнікі вылучаліся ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых “Справядлівы Свет”, ГА БНФ “Адраджэнне” і Магілёўскага праваабарончага цэнтру.
Распавядае ўдзельнік пасяджэння праваабаронца Барыс Бухель:
“На пасяджэнні адміністрацыі раёна начальнік арганізацыйна-кадравай работы папрасіў зацвердзіць склад участковых выбарчых камісій, - гаворыць праваабаронца, - Я акцэнтую ўвагу на слове зацвердзіць, хаця паводле закону яны павінны былі іх ўтварыць. Фактычны камісіі стварыў аддзел арганізацыйна-кадравай працы”.
Сярод прычын, з-за якіх дэмакратычных прадстаўнікоў не ўключылі ў склад участковых выбарчых камісій, называліся наступныя: адсутнасць неабходнага вопыта працы, удзел у працы ініцыятыўнай групе пэўнага прэтэндэнта ў кандыдаты, а таксама з-за таго, што блізкія сваякі з’яўляюцца членамі ініцыятыўнай групы пэўных прэтэндэнтаў у кандыдаты.
“Мне адмовілі з-за таго, што я пастаянна пішу скаргі і не падаю аб’ектыўна інфармацыю, а таксама што з’яўляюся беспрацоўным. Юрысту Сяргею Фаміну адмовілі з-за таго, што ён працуе ў Мінску ў Свабодным прафсаюзе Беларускім. Хаця яго працоўнае месца знаходзіцца ў Магілёве. Яўгенні Цюркінай адмовілі таму, што яна ўжо сталага ўзросту”, - гаворыць Барыс Бухель.
Праваабаронца таксама адзначае, што па колькаснаму складу асноўныя ўчастковыя выбарчыя камісіі былі ўтвораны ў складзе 15-16 чалавек. Пры зацвярджэнні камісій працэдура галасавання не была вытрымана.
“Па закону можна ўтвараць камісію ў складзе максімум 19 чалавек. Конкурсу ні ў адну ўчастковую камісію не было, дэмакратаў па надуманных прычынах не уключылі ў іх склад”, - працягвае Барыс Бухель.
Праваабаронца адзначае, што рашэнне аб неўключэнні прадстаўнікоў дэмакратычных аб’яднанняў у склад участковых выбарчых камісій будзе абскарджвацца ў судзе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”