viasna on patreon

Праваабаронцы – ЦВК: Абмежаванні для назіральнікаў трэба адмяніць

2010 2010-11-03T23:36:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gulak-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) звярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію з лістом, у якім прапануе адмяніць новаўвядзенні ў накіраванні назіральнікаў на ўчасткі і ў камісіі. Для гэтага, як канкрэтызуюць правабаронцы,  патрэбна ўнесці папраўкі ў пастанову ЦВК   N 49 ад 15 верасня 2010 г. Ліст падпісаны старшынём БХК Алегам Гулаком.

Як паведамлялася раней, ЦВК у згаданай пастанове фактычна абмежавала вылучэнне назіральнікаў на нізавым узроўні для большасці апазіцыйных партый і незалежных грамадскіх арганізацый. Юрысты БХК пасля некалькіх спробаў вырашыць пытанне праз суд цяпер чакаюць адказ на сваю прапанову: зрабіць нешта накшталт працы над памылкамі.

У лісце правабаронцаў канстатуецца, што “сваёй пастановай ад 15.09.2010 N 49 Цэнтральная камісія са спасылкай на арт.13 і п. 3 ч.1 арт. 33 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей – ВК) дала тлумачэнні аб прымяненні ч.3 арт.13 ВК пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе”.  Гэтае тлумачэнне, адзначаюць аўтары ліста, “выключае права кіруючых органаў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў накіроўваць назіральнікаў на паседжанні ўсіх камісій і на ўчасткі для галасавання”.  Адбываецца гэта з-за адсутнасці ў многіх незалежных ад уладаў арганізацый створаных і зарэгістраваных структур на месцах. Такім чынам, паколькі ЦВК абмяжоўвае ўзроўні накіравання назіральнікаў (напрыклад, у абласную камісію – толькі ад абласной структуры той ці іншай арганізацыі), многія незалежныя назіральнікі, у тым ліку і правабаронцы, не змогуць паўнавартасна назіраць за ходам выбараў. Прынамсі, іх назіранне робіцца не паўсюдным.  

Юрысты на прыкладзе Хельсінкскага камітэту паказваюць механізм абмежавання працы назіральнікаў. Яны даводзяць, што, згодна з Законам РБ аб грамадскіх аб’яднаннях, “стварэнне арганізацыйных структур з’яўляецца правам, а не абавязкам грамадскага аб’яднання”.  Аднак, згодна з тым жа законам, БХК як рэспубліканская арганізацыя мае права дзейнічаць па ўсей краіне. Правабаронцы просяць Цэнтрвыбаркам змяніць пастанову ад 15 верасня 2010 года і дазволіць кіраўнічым органам партый і арганізацый вылучаць назіральнікаў за выбарамі на ўсіх узроўнях. Пастановы ЦВК пра назіральнікаў 2005 і 2008 гадоў на тле сённяшніх умоў згадваюцца правабаронцамі як станоўчыя прыклады.  

Ініцыятыву БХК каментуе яго старшыня Алег Гулак:

- Чаму ўзнікла ініцыятыва аб ўнясенні паправак у пастанову ЦВК? Да вас звярталіся са скаргамі?

- Ды якія там скаргі – тут праблема нават для нас саміх. Мы вядзем маніторынг. Часткай гэтага маніторынга з’яўляецца праца назіральнікаў непасрэдна ў камісіях і на ўчастках. Для таго, каб яны мелі паўнамоцтвы, маглі быць назіральнікамі, павінна быць выканана працэдура іх вылучэння. Рашэнне Цэнтрвыбаркама пазбавіла нас, як рэспубліканскую арганізацыю, магчымасці накіраваць сваім рашэннем назіральнікаў у любыя ўчастковыя ці тэрытарыяльныя камісіі. Хоць такое права выцякае са статуса рэспубліканскіх арганізацый і Закона аб грамадскіх аб’яднаннях. І такая практыка, і адпаведныя пастановы былі на мінулых выбарах: у 2006-м – прэзідэнцкіх, 2008-м – парламенцкіх. Якая логіка, чаму тут, цяпер, пры тым жа заканадаўстве з’явіўся зусім іншы падыход да рэгулявання гэтай працэдуры накіравання і таго, хто можа накіроўваць, абсалютна незразумела.

- Можа быць, уплыў назіральнікаў стаў павялічвацца, і ЦВК чамусьці вырашыў, што пара на гэта паўплываць?

- Магчыма, у ЦВК нейкая матывацыя была, але яны нам пра гэта не гавораць. Мы кажам пра тое, што няма ніякіх законных падставаў на тое, каб ЦВК гэткім чынам рэгуляваў пытанне аб вылучэнні назіральнікаў у прынцыпе. Гэта выглядае тым больш дзіўна, што пры тым жа законе раней гэта было ўрэгулявана правільна, а зараз раптам вырашылі  зрабіць іншым чынам.

- Ваш напісаны днямі ліст у ЦВК пакуль застаецца без адказу. Ці не крыўдзіцца на вас Цэнтральная камісія за тое, што раней звярталіся ў суд?

- Так, мы ўжо напісалі скаргу ў суд на дзеянні Цэнтрвыбаркама. Але суд Маскоўскага раёна – па месцы знаходжання Цэнтрвыбаркама – адмовіўся разглядаць гэту скаргу, бо, на іх думку, яна непадведамасная суду, не ў кампетэнцыі суда. Мы абскардзілі гэтую пастанову суда і паралельна звярнуліся ў Цэнтрвыбаркам з прапановай, каб яны самі змянілі сваё палажэнне ў частцы гэтага парушэння закона.

- А калі Цэнтрвыбаркам не пойдзе на гэта, якія яшчэ застануцца юрыдычныя выйсці?

- Ды юрыдычных практычна не застанецца… Мы будзем проста крытыкаваць гэта рашэнне як незаконнае, рашэнне, якое пагаршае ўмовы правядзення выбараў, зніжае іх празрыстасць. Ступень празрыстасць выбараў у Беларусі і так заўсёды была прадметам сур’ёзнай крытыкі на міжнародным узроўні. Сёння ўлады хочуць зрабіць лепей, прынамсі, гавораць пра тое, што будуць добрыя выбары. На жаль, ёсць такія нядобрыя праявы, калі не проста захоўваецца горшае, што было раней, а яшчэ больш пагаршаецца ў параўнанні з ранейшым.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства