Гродна: У адміністрацыі Кастрычніцкага раёну кепска з матэматыкай і выкананнем працэдур
Сфармаваныя ўчастковыя камісіі па Кастрычніцкім раёне г. Гродна. З дэмакратычных партый у іх вылучаліся 13 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, 8 – Партыі БНФ, 7 – БСДГ, 14 – АГП. Гэтыя дадзеныя атрыманыя ад саміх партый, аднак лічба на паседжанні адміністрацыі так і не прагучала.
Была агучаная толькі агульная лічба вылучаных ад партый і грамадскіх арганізацый – 366. Яшчэ 294 чалавекі былі вылучаны працоўнымі калектывамі, 432 зборам подпісаў. Усяго вылучаных, па агучанай інфармацыі -- 1196 (хаця калі падлічыць, то гэта 1092). Такім чынам, сума вылучаных ніяк не супадае з агульнай колькасцю, названай на паседжанні. На гэта звярнуў увагу назіральнік Раман Юргель. Аднак, старшыня Кастрычніцкай адміністрацыі Сяргей Пацэвіч сказаў, што лічбы можна падлічыць дома, узяўшы інфармацыю з афіцыйнага сайту. Урэшце была пададзена агульная лічба ўключаных у камісіі – 811.
Усё паседжанне доўжылася 50 хвілін, называліся нумары камісій і прозвішчы ўключаных у іх. Месцы працы і пасады пры гэтым не называліся. Пытанні, якія задавалі прадстаўнікі дэмакратычных партый па неўключэнні іх вылучэнцаў, у прыватнасці запыт старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, выклікалі дзіўную рэакцыю незадаволенасці прысутных прадстаўнікоў прадзяржаўных арганізацый.
Дакладная колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных партый у камісіях Кастрычніцкага раёну невядомая. Вядома, што ў склад камісіі №104 уключаны адзін прадстаўнік БСДГ – Юрый Казак.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”