Горкі: Раённы выбаркам дае прыблізныя звесткі аб колькасці сабраных за Аляксандра Лукашэнку подпісаў
Пра гэта паведамляе галоўны рэдактар абласной агульнапалітычнай газеты “Узгорак” Эдуард Брокараў. Эдуард абураецца з гэтай нагоды. На яго думку, калі раённая камісія ведае толькі прыблізныя звесткі пра сабраныя подпісы за кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, то, значыць, і звесткі, агучаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, з’яўляюцца не дакладнымі, а прыблізнымі.
“Я звярнуўся да члена Горацкай раённай выбарчай камісіі Кацярыны Кароткінай з просьбай прадаставіць мне звесткі аб колькасці сабраных подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, - гаворыць Эдуард Брокараў. - Яна мне прадаставіла звесткі аб апазіцыйных кандыдатах, а вось колькасць сабраных подпісаў за дзеючага кіраўніка дзяржавы яна не назвала. Адзначыла толькі, што подпісы за Лукашэнку яшчэ не падлічаны і можна казаць толькі пра прыблізную іх колькасць”.
У той жа самы час Мсціслаўская раённая выбарчая камісія гэтыя звесткі прадаставіла без праблем, а вось Дрыбінская раённая выбарчая камісія ўвогуле адмовілася што-небудзь казаць па тэлефоне.
“Старшыня Дрыбінскай раённай камісіі Аляксандр Лук’янчык сказаў, што ніякіх звестак па тэлефоне не дасць і неабходна пісаць афіцыйны пісьмовы запыт, пасля чаго яго разгледзяць і пісьмова адкажуць. Зразумела, што гэта расцягнецца на два тыдні і інфармацыя будзе ўжо не актуальнай”, - зазначае Эдуард Брокараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”