Барысаў: 112 участкаў - за 12 хвілін
У Барысаўскім раёне створана 112 участковых выбарчых камісій - больш за ўсё ў Мінскай вобласці. Якое ж было здзіўленне прадстаўніка прафсаюза РЭП Марыны Статкевіч, якую дапусцілі на паседжанне райвыканкама па фармаванні складу ўчастковых камісій, калі важнае мерапрыемства падоўжылася ўсяго 12 хвілін!
На паседжанні было паведамлена, што 243 чалавека былі вылучаны ва ўчастковыя камісіі ад грамадзян шляхам збору подпісаў, 484 - ад працоўных калектываў, 468 - ад грамадскіх аб'яднанняў, 35 з якіх - ад палітычных партый.
"У прынцыпе, назіраць не было за чым, - распавядае Марына Статкевіч. - Кандыдатуры сябраў участковых камісій не абмяркоўваліся і не зачытваліся. Засталося таямніцай, ці ўвайшлі ў склад участковых камісій апазіцыянеры. Было толькі сказана, што са складам участковых камісій можна будзе азнаёміцца праз выканкамаўскую газету "Адзiнства" на працягу сямі дзён з моманту прыняцця рашэння ".
Варта заўважыць, што ў падобных газетных публікацыях не паказваецца месца працы сябраў участковых камісій. Атрымаць жа такія звесткі на паседжанні па фармаванню камісій М. Статкевіч не ўдалося.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"