Цэнтрвыбаркам пагадзіўся зняць абмежаванні ў працы назіральнікаў
5 лістапада адбылося паседжанне Цэнтральнай камісіі, дзе разглядалася прапанова праваабаронцаў аб унясенні паправак у пастанову ЦВК № 49 ад 15 верасня 2010 г. Беларускі Хельсінкскі камітэт прапанаваў адмяніць новаўвядзенні ў накіраванні назіральнікаў на ўчасткі і ў камісіі. Як паведаміў старшыня БХК Алег Гулак, які прысутнічаў на паседжанні, Цэнтрвыбаркам заслухаў яго аргументацыю па звароце і прыняў прапанову праваабаронцаў практычна без абмеркаванняў.
Такім чынам, кіруючыя органы партый і грамадскіх арганізацый атрымалі магчымасць вылучаць назіральнікаў за выбарамі на ўсіх узроўнях. Да гэтага часу непраўладныя арганізацыі з-за адсутнасці створаных і зарэгістраваных структур на месцах не маглі паўсюдна назіраць за ходам выбараў.
Алег Гулак адзначыў, што на паседжанні таксама была падтрымана прапанова заяўнікоў ад палітычных структураў аб тым, каб назіральнікі маглі сачыць за падлікам бюлетэняў “ва ўмовах, якія дазваляюць бачыць агляднасць падліку галасоў”.
- Гэтыя прапановы былі прынятыя, і, канешне, неабходна адзначыць, што гэта пэўны крок да павелічэння празрыстасці выбарчага працэса. Я спадзяюся, што ён здыме многія спрэчныя і канфліктныя сітуацыі, калі назіральнікаў не дапускалі да працэдураў падліку галасоў, - адзначае кіраўнік БХК.
Разам з тым праваабаронца падкрэслівае, што пераважную большасць з 15 прапановаў Цэнтрвыбаркам адхіліў.
- Такая важная прапанова - урэгуляваць працэдуру падліку галасоў участковымі камісіямі такім чынам, каб падлік вёўся адным сябрам камісіі, а ўсе астатнія, у тым ліку і назіральнікі, бачылі гэты падлік – не была падтрымана, прычым без уцямнай матывацыі, - кажа А.Гулак.
Між тым, гэта важнае ўдакладненне, адхіленае ЦВК, сур’ёзным чынам магло б змяніць сутнасць тых працэдур, якія сур’ёзна крытыкуюцца за недасканаласць і недэмакратычнасць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”