Крычаў: Дэмакраты абскарджваюць неўключэнне ва ўчастковыя камісіі
Крычаўскія актывісты АГП і ГА БНФ “Адраджэнне” абскарджваюць неўключэнне іх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій. Адпаведныя дакументы ўжо накіраваны ў Крычаўскі раённы суд.
Пра гэта паведамляе рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны: “З пяці пададзеных кандыдатур у склад участковых выбарчых камісій ні адна не прайшла - усіх “зарубілі” без аніякага тлумачэння. 3 лістапада, калі адбывалася зацвярджэнне складу ўчастковых выбарчых камісій на пасяджэнні адміністрацыі Крычаўскага раёна, не было ніякага абмеркавання кандыдатур - проста зачытваўся спіс. У некаторыя камісіі жадаючых патрапіць было больш, чым агаворана законам, таму некаторых не ўключалі. Я падазраю, што гэта такі выкрут, каб у агульнай масе кандыдатур, якія не ўвайшлі ў склад камісій, не вылучаліся дэмакраты”.
Нагадаем, што ў склад участковых выбарчых камісій вылучалася тры прадстаўнікі ад ГА БНФ “Адраджэнне” - Мікалай Гердзей, Уладзімір Кудраўцаў і Надзея Іванова і два прадстаўнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі - Таццяна Ляйпуціна і Мікалай Фядоранка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”