viasna on patreon

Гомельская вобласць: Дзяржслужачыя “замаскіраваліся” пад грамадскасць

2010 2010-11-07T21:23:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chyny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па афіцыйных звестках, дзяржаўныя служачыя атрымалі ў створаных УВК Гомельскай вобласці зусім малы працэнт — 5,2%. Нават траціны, як дапускае выбарчае заканданаўства, няма! І гэта праўда: варта пачытаць спісы ўчастковых камісій — усё прадстаўнікі грамадскасці ды людзі, вылучаныя грамадзянамі. Улады нават не ўжывалі, дзе і як маглі, такую форму вылучэння, як «працоўныя калектывы».

І ўсё ж варта паглядзець, хто насамрэч хаваецца за “прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў”. Цяжкасць у тым, што часам немагчыма знайсці звесткі, дзе працуе той ці іншы чалавек. Хоць і цяжка гэта выявіць, але магчыма. Напрыклад, у гэтым могуць дапамагчы сайты райвыканкамаў і раённых газет, дзе часта мільгаюць прозвішчы мясцовых начальнікаў.

Выявіць, колькі на самой справе начальнікаў, якія замаскіраваліся пад «грамадскасць», нам дапамог сайт раённай газеты «Лоеўскі край» і мясцовага райвыканкама.

Напрыклад, вось Савецкая ўчастковая камісія №1 (Лоеў) па выбарах прэзідэнта. Прынамсі 8 членаў камісіі засталіся тут яшчэ з выбараў у мясцовыя саветы. Па вылучэнню: напрыклад, член камісіі Валянціна Аніськова вылучана прафсаюзам працаўнікоў дзяржаўных устаноў. Калі чалавек з'яўляецца сябрам прафсаюза дзяржаўных устаноў, то, напэўна, і працуе ў такой установе? Так і ёсць: Аніськова — начальнік аддзела статыстыкі райвыканкама. Член камісіі Кацярына Кадошчанка вылучана туды ад грамадзянаў, шляхам падачы заявы, а працуе яна дырэктарам музычнай школы. Святлана Карнаушанка вылучана грамадскім аб'яданнем «Беларускі саюз жанчын», а працуе загадчыкам аддзелу ЗАГС. Член камісіі Таццяна Лагута вылучана прафсаюзам працаўнікоў адукацыі і навукі, а працуе яна вядучым спецыялістам аддзела адукацыі райвыканкама. Генадзь Місачэнка вылучаны грамадзянамі, а з'яўляецца начальнікам аддзела упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Грамадзянамі ж вылучана і член камісіі Тамара Науменка, якая з'яўляецца дырэктарам раённай бібліятэкі. Яе падначаленая, бібліятэкар Аксана Сініла, таксама вылучана грамадзянамі. Мяркуйце самі — ці з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі вышэйпералічаныя асобы? І колькі іх у камісіі — 5% ці значна больш?

Ленінская ўчастковая камісія №2 (Лоеў). Таццяна Валохіна і Генадзь Блізнец вылучаны грамадзянамі, а працуюць адпаведна намеснікам старшыні райспажыўтаварыства і дырэктарам сярэдняй школы. Галіна Вайцяшэнка вылучана прафсаюзам, а працуе загадчыцай дзіцячай бібліятэкі. Грамадзянамі вылучаны Сяргей Карнаушанка, які працуе дырэктарам дзіцячай спартыўнай школы. Прафсаюзам вылучаны Віктар Казуля — начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама. Супрацоўніца раённага савета дэпутатаў Наталля Лысянок вылучана грамадзянамі, галоўны рэдактар раённай газеты Святлана Маторная — ГА «Беларускі саюз жанчын». Завуч сярэдняй школы Ала Маторная вылучана ГА «Белая Русь». Вядучы спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Андрэй Навуменка вылучаны БРСМ. Прафсаюзам вылучана намеснік загадчыка дзіцячага сада Людміла Чычкан. Як вынік — 10 з 13 сябраў камісіі з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, а можа, і тыя трое, якіх мы не выявілі, таксама?

Дарэчы, УВК, створаныя ў Лоеве — не выключэнне з правілаў. Абсалютная большасць УВК у раёнах створана па такім жа прыцыпе, то бок у іх уваходзяць начальнікі, прадстаўнікі дзяржаўнага апарату, а ніякая не грамадскасць. Нагадаем, што такая колькасць дзяржаўных служачых у камісіях з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Бо правіла аб «адной траціне» тут, як і ў іншых камісіях, не вытрымана.

Беглы позірк на УВК, створаныя ў Нароўлі, дае такі ж вынік, як і ў Лоеве. Напрыклад, члены розных участковых камісій з'яўляюцца начальнікамі, а прадстаўлены як грамадскасць. Напрыклад, грамадзянамі вылучаны ва УВК у Нароўлі начальнік Нараўлянскага ўчастка «Энергазбыт» Іван Маліноўскі, начальнік Нараўлянскага аддзела абласнога упраўлення ФСЗН Алена Гаўрылоўская, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юрый Багданік. А начальнік раённага аддзела адукацыі Алена Кірганава вылучана як прадстаўнік «Беларускага саюза жанчын». Начальнік аддзела ЖКГ Нараўлянскага райвыканкама Марат Дзяцел прысутнічае ў камісіі як прадстаўнік ГА «Беларускі саюз афіцэраў».

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства