Баранавічы: ЦВК рэкамендавала камісіям інфармаваць пра правядзенне паседжанняў
6 лістапада назіральнік Сяргей Гоўша (на здымку) атрымаў з ЦВК адказ на сваю скаргу, у якой абскарджваў непрадастаўленне тэрытарыяльнай камісіяй інфармацыі пра дату і час правядзення паседжання. Пры гэтым ЦВК не дала прававой ацэнкі дзеянням Баранавіцкай гарадской камісіі, паведаміўшы толькі, што па фактах, выкладзеных у скарзе, была праведзена праверка.
Сяргей Гоўша прапаноўваў таксама ўнесці дапаўненні ў Пастанову Цэнтральнай выбарчай камісіі ад 15 верасня 2010г. ”з тым, каб тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі ў абавязковым парадку інфармавалі акрэдытаваных пры іх назіральнікаў аб даце і часе правядзення сваіх пасяджэнняў. Лідзія Ярмошына ў сваім адказе назіральніку паведаміла, што ЦВК рэкамендуе тэрытарыяльным выбарчым камісіям інфармацыю пра дату і час правядзення паседжанняў размяшчаць папярэдне на сайтах выканкамаў ці вывешваць спецыяльныя аб’явы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”