За інтэрвью з патэнцыйным кандыдатам – у пастарунак
Сёння, 8 лістапада, каля 14.30 у Віцебску затрымалі журналіста Уладзіслава Стараверава, які браў інтэрвью ва Ўладзіміра Правальскага. У Чыгуначным РАУС хлопца дапыталі, адкуль у яго відэакамера, і навошта ён здымае размову з патэнцыйным кандыдатам.
Каментаваць свае дзеянні Уладзіслаў Старавераў адмовіўся. Ён кажа, што ў пастарунак яго забралі беспадстаўна, і паўтары гадзіны ў Чыгуначным РАУС ён правёў без усялякай прычыны. На яго не складалі аніякіх пратаколаў, хаця падчас затрымання ўчастковы міліцыянт Сяргей Казлоў заявіў, што журналіст яго абражае і не падпарадкоўваецца ягоным законным патрабаванням.
Патрабаванні палягалі ў тым, каб Уладзіслаў Старавераў не здымаў размову з міліцыянтам. Аднак, кажа журналіст, гэта і сталася пэўнай гарантыяй, што справа не дайшла да суду:
-- Міліцыянт правакаваў мяне на бойку. Застаўся запіс, як ён казаў: “Ну, удар мяне! Ты ж хочаш мяне ўдарыць!” Таксама з запісу відаць, што я нікога не абражаў, а каб здымаць Уладзіміра Правальскага ніякага міліцэйскага дазволу не трэба.
Патэнцыйны кандыдат таксама не разгубіўся: тое, што адбывалася, ён засняў на мабільны тэлефон.
-- Гэта цалкам незаконна, што міліцыя спрабуе ўмешвацца ў справы журналістаў, -- сказаў Уладзімір Правальскі. – Пра якую свабоду слова ў нашай краіне пасля такіх інцыдэнтаў можа весціся гаворка”.
Ні на адно пытанне журналіста Уладзімір Правальскі так і не паспеў адазаць.Уладзіслава Стараверава затрымалі літаральна праз 5 хвілін пасля таго, як яны са спадаром Правальскім прыйшлі ў парк каля плошчы Перамогі, каб запісаць інтэрвью наконт удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”