Рэчыца: Подпісы за Дзмітрыя Уса і Віталя Рымашэўскага забракаваны
Найбольшую колькасць подпісаў у Рэчыцкую раённую камісію падалі за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнка — больш за 14,5 тыс. подпісаў. Найменшую — за вылучэнне Віталя Рымашэўскага і Яраслава Раманчука — за іх пададзена па 24 подпісы. Такія дадзеныя падае раённая газета «Дняпровец».
Сярод альтэрнатыўных кандыдатаў найбольш подпісаў у Рэчыцы сабраў Уладзімір Някляеў — 1883, на другім месцы — Мікалай Статкевіч (417), затым — Андрэй Саннікаў (299), Рыгор Кастусёў (297), Алесь Міхалевіч (86) і Дзмітрый Усс (64).
8 лістапада адбылося паседжанне раённай камісіі, на якой былі падведзены вынікі збору подпісаў. Як паведаміў назіральнік Валер Пуціцкі, камісія забракавала ўсе (64) подпісы за Уса і усе (24) подпісы за Рымашэўскага. Подпісы за Уса былі ануляваны на той падставе, што людзі адмовіліся ад таго, што падпісваліся за патэнцыйнага кандыдата. Былі хібы, па звестках камісіі, і ў подпісах за Рымашэўскага. Так як 5 з 24 подпісаў былі прызнаныя несапраўднымі, то і ўсе подпісы таксама былі зведзены да нуля.
Астатнія прэтэндэнты здалі «экзамен на подпісы» у Рэчыцы паспяхова. У Някляева прызналі несапраўдным адзін подпіс.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”