Шклоў: Да назіральніка завіталі міліцыянеры
Раніцай 9 лістапада ў кватэру да назіральніка пры Шклоўскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міхаіла Кучарэнкі завіталі супрацоўнікі міліцыі. Яны спрабавалі высветліць, чаму летам гэтага года Міхаіл Кучарэнка і іншыя грамадскія актывісты са Шклоўскага раёна збіралі подпісы супраць перадачы мясцовых вадаёмаў у арэнду прыватным прадпрымальнікам.
- Мясцовых жыхароў вельмі хвалюе гэта пытанне, бо дайшло да таго, што людзям амаль няма куды выйсці з вудай адпачыць, паўсюдна трэба за гэта плаціць грошы. Мы тады сабралі больш за трыста подпісаў пад зваротам, які пасля накіравалі ў самыя розныя інстанцыі: пракуратуру, КДК, міністэрства аховы прыроды і г. д. З гэтых інстанцый прыйшлі адказы, што рашэнні Шклоўскага рацвыканкама законныя і парушэнняў няма, - распавядае Міхаіл Кучарэнка.
Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі высветліць, адкуль грамадскаму актывісту вядомыя факты, прыведзеныя ў звароце, хто дапамагаў яму збіраць подпісы і даваў неабходную інфармацыю.
- Яны прабылі ў маёй кватэры каля гадзіны, склалі пратакол. На большасць пытанняў я адказваць адмовіўся, бо ў мяне склалася ўражанне, што супрацоўнікаў міліцыі цікавяць не факты парушэнняў закона падчас перадачы вадаёмаў у арэнды, а тое, чаму гэта мы ўсё-такі вырашылі збіраць подпісы супраць рашэнняў Шкоўскага райвыканкама аб перадачы вадаёмаў у арэнду і хто нам у гэтым дапамагаў. Не выключаю, што такія дзеянні шклоўскіх міліцыянераў - гэта спроба націснуць на мяне, каб я не так актыўна дзейнічаў у якасці назіральніка падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, - кажа М.Кучарэнка.
Нагадаем, што назіральнік Міхаіл Кучарэнка накіроўваў у Шклоўскую раённую камісію шэраг пратэстаў супраць парушэнняў, якія, на яго думку, дапускалі сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі падчас збору подпісаў за яго вылучэнне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”