Полацк: спіс месцаў для агітацыі пашыраны
На афіцыйным сайце Полацкага гарвыканкама з’явіўся дакумент “Об определении мест для размещения предвыборных печатных агитационных материалов и проведения встреч с избирателями”, які ўтрымлівае пералік месцаў, дзе ў Полацку дазволена размяшчаць агітацыйныя матэрыялы ў ходзе прэзідэнцкай кампаніі і праводзіць сустрэчы кандыдатаў і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі. Дакумент быў узгоднены, згодна з патрабаваннем закона, з тэрытарыяльнай камісіяй на паседжанні, на якім прысутнічалі і назіральнікі.
Як і на мінулых выбарах, плакаты і ўлёткі кандыдатаў можна будзе размясціць на дошках аб’яў, інфармацыйных стэндах, тумбах, вітрынах прадпрыемстваў гандлю, у аддзяленнях сувязі, філіялах банкаў, фае палацаў культуры і бібліятэк.
Не змяніўся і спіс устаноў, дзе можна будзе праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі. Гэта па-ранейшаму Палац культуры “Шкловалакно” і выбраныя школы горада. Полацкі ГПК не трапіў ў спіс з-за планавага рамонту вялікай залы.
Змяненні закранулі толькі пералік месцаў для правядзення мітынгаў і пікетаў з мэтай агітацыі. Упершыню ў гэты спіс патрапіла пляцоўка перад Домам гандлю – фактычна гандлёвы цэнтр горада, дзе і ў будні, і выходныя дні бывае мноства людзей (на фота).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”