Полацк: Подпісы залічылі
У Полацку тэрытарыяльная выбарчая камісія прыняла рашэнне прыняць як сапраўдныя подпісы, здадзеныя сябрамі ініцыятыўных груп, якім былі выдадзены пасведчанні з памылкамі ў напісанні прозвішча ці імя.
-- Я і не звярнуў увагі, што маё імя перайначылі ў пасведчанні,-- расказвае адзін з сяброў ініцыятыўнай групы Алеся Міхалевіча Антон Кузнечык. – Збіраў подпісы ў Полацку і Наваполацку. А ўжо пасля мяне выклікаюць у камісію і ўказваюць на памылку. Я запаўняў “шапку”ў падпісных аркушах строга па пашпарце.
-- Я ведаю, -- паведамляе назіральнік па Полацку Юрась Бельскі, -- што ў Полацкай тэрытарыяльнай камісіі кансультаваліся з ЦВК з гэтай нагоды. З ЦВК сказалі, што камісія павінна вырашыць гэтае пытанне на месцы. Тады было прынята рашэнне лічыць дадзеныя падпісныя аркушы сапраўднымі, паколькі зразумела, што тут адбылася тэхнічная памылка.
У Полацку і Наваполацку вядома некалькі выпадкаў, калі ў выдадзеных ЦВК пасведчаннях былі неправільна напісаныя імёны, прозвішчы ці імёны па бацьку сяброў ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў. Невядома, зроблены былі гэтыя памылкі самімі рабочымі групамі кандыдатаў ці з’явіліся ўжо ў ЦВК.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”