Віцебшчына: Па колькасці прызнаных подпісаў у лідэрах Лукашэнка, Някляеў і Статкевіч
Паводле падлікаў віцебскай абласной камісіі, у лідэрах Аляксандар Лукашэнка – за яго вылучэнне прынята 220 856 подпісаў. На другім месцы – Уладзімір Някляеў (30 077), за ім Мікалай Статкевіч (25 740) і Дзьмітрый Усс (24 615). За іншых прэтэндэнтаў прызнаных сапраўднымі подпісаў меньш як па 20 тысяч. Усе подпісы, сабраныя за Уладзіміра Правальскага, прызналі несапраўднымі.
Апрача У.Правальскага, вялікая колькасць “адбракаваных” подпісаў – ад ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева. З 32 005 подпісаў вызначана 502 тых, якія “не падлягаюць праверцы”, гэта значыць, збіральнікі дапусцілі нейкія памылкі. 208 подпісаў прызнаны несапраўднымі ў рэгіёнах, а таксама ў Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах Віцебска. Усе 1 146 подпісаў, здадзеных у Чыгуначную выбарчую камісію, вырашана ня ўлічваць пасля дзвюх праведзеных праверак – выявілася значная колькасць несапраўдных.
За вылучэнне Аляксея Міхалевіча прызналі несапраўднымі 1216 подпісаў, за вылучэнне Віктара Цярэшчанкі 1 307, сабраных на тэрыторыі 12 раёнаў вобласці. У некаторых рэгіёнах “адбракавалі” ўсе подпісы, сабраныя за Рыгора Кастусёва, Віталя Рымашэўскага, Дзмітрыя Усса.
Найменшая колькасць подпісаў, прызнаных сапраўднымі, -- за вылучэнне Андрэя Саннікава (4 547) .
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”