Маларыта: Сайты райвыканкама і "раёнкі" не інфармуюць пра сфармаваныя участковыя камісіі
Ні на афіцыйным сайце Маларыцкага райвыканкама, ні на інтэрнэт-старонцы дзяржаўнай раённай газеты "Голас часу" па стане на 11 лістапада так і не было размешчана рашэнне мясцовай улады аб стварэнні ўчастковых камісій на тэрыторыі раёна, хаця сямідзённы тэрмін з моманту прыняцця гэтага рашэння, вызначаны заканадаўствам для публікацыі такіх дакументаў, мінуў.
Такім чынам, адзінай магчымасцю азнаёміцца са складам участковых камісій на тэрыторыі аднаго з самых малалікіх раёнаў Брэсцкай вобласці застаецца толькі нумар раённай газеты "Голас часу", якая друкуецца накладам каля двух тысяч асобнікаў.
На сайце райвыканкама апошняя інфармацыя пра выбары з'явілася 15 кастрычніка і тычыцца фармавання ў Маларыцкім раёне 20 участкаў для галасавання, а "раёнка" на сваёй інтэрнэт-старонцы зусім ігнаруе тэму маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў, да гэтага часу не прысвяціўшы гэтай падзеі ніводнага інфармацыйнага матэрыялу.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"