Віцебская газета зняважліва напісала пра Уладзіміра Правальскага
Толькі на мінулым тыдні газеты Віцебшчыны пачалі змяшчаць матэрыялы пра падзеі выбарчай кампаніі ў рэгіёне. Калі адмову ад удзелу ў выбарах былога мясцовага патэнцыйнага кандыдата С.Рыжова тутэйшыя СМІ амаль не заўважылі, то пра акалічнасці праверкі падпісаў за вылучэнне У.Правальскага напісалі падрабязна і ў зняважлівым тоне.
У “Віцебскім рабочым” з’явіўся артыкул “Прыдзвінскі правал Правальскага” журналісткі Алены Сыс. На думку мясцовых праваабаронцаў, назва артыкула некарэтная і можа стаць падставай для зварота ў суд: пакуль Цэнтрвыбаркам не адмовіў віцебскаму патэнцыйнаму кандыдату ў магчымасці балатавацца, ніхто не мае права сцвярджаць, ці была “правальнай” яго ініцыятыва ўзяць удзел у выбарах.
У артыкуле А.Сыс расказваецца пра тое, што Першамайскі райаддзел міліцыі праводзіць праверку па факце падробкі падпісных аркушы членамі ініцыятыўнай групы патэнцыйнга кандыдата. Як ужо паведамлялі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, Першамайская раённая выбарчая камісія аддала аркушы з прозвішчамі на экспертызу, бо яны выглядалі як ксеракопіі. І эксперты пацьвердзілі, што падпісныя аркушы выраблены з дапамогай памнажальнай тэхнікі.
Аднак Уладзіміру Правальскаму прысвечана толькі частка артыкула пад некарэктнай назвай, выкарыстанне якой можна расцэньваць як грубае парушэнне журналісцкай этыкі. У другой палове аўтар расказвае пра “адбракоўку” подпісаў за іншых патэнцыйных кандыдатаў. У прыватнасці, згадваецца, што подпісы за вылучэнне Віктара Цярэшчанкі былі прызнаныя несапраўднымі ў 12-ці раёнах Віцебскай вобласці. Паводле старшыні Міёрскай выбарчай камісіі Р.Парфененка, падобна , што сябры ініцыятыўнай групы гэтага кандыдата мелі доступ да базы пашпартных дадзеных грамадзян і запаўнялі аркушы гэтымі звесткамі, падрабляючы подпісы.
Гэты самы выпадак апісвае і “Віцебскі рабочы”, аднак Віталь Сянькоў, аўтар артыкула “Барацьба мусіць быць чэснай”, не называў прозвішча В.Цярэшчанкі. Гісторыя з падпіснымі аркушамі за Уладзіміра Правальскага таксама апісана, але без згадкі ягонага прозвішча. Ананімнымі “героямі” засталіся і тыя патэнцыйныя кандыдаты, чые ініцыятыўныя групы папрацавалі амаль без “браку”. “Ініцыятыўныя групы толькі 4-х кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта спрацавалі так, што парог несапраўдных подпісаў не быў перавышаны нідзе”, -- піша В.Сянькоў. Аўтар тлумачыць, чаму не называе прозвішчаў:” Прозвішчы прэтэндэнтаў…. Не могуць быць агучаны ў друку зараз, калі ЦВК яшчэ не ажыццявіў рэгістрацыю кандыдатаў”(?).
Што да агульнай палітыкі асвятлення выбараў, то згаданыя артыкулы дэманструюць пэўныя змены. Раней друкаваўся толькі пералік пэўных этапаў выбарчай кампаніі, не лічычы спісаў участкаў і складу ўчастковых камісій. Цяпер на старонках СМІ з’явіліся матэрыялы непасрэдна пра выбарчыя падзеі ў рэгіёне.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Фота: Артыкул у “Віцебскім рабочым”