Мазыр: Умовы для агітацыі пагоршыліся
Мазырскі райвыканкам вызначыўся з месцамі для правядзення кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі перадвыбарнай агітацыі. Дакумент скараціў колькасць месцаў для правядзення сустрэч у памяшканнях, на вуліцы, значна абмежаваны магчымасці для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў.
Першае, што кідаецца ў вочы ў рашэнні Мазырскага райвыканкама №1386 ад 8 лістапада па вызначэнні месцаў для правядзення кандыдатамі ў прэзідэнты перадвыбарнай агітацыі ў параўнанні з мінулымі мясцовымі выбарамі, гэта адсутнасць альбо карэкціроўка выразаў: “стварэнне роўных магчымасцяў”, “свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарных праграм кандыдатаў”, “дазволіць”. Замест іх з’явіліся больш сухія і абмежавальныя фармулёўкі: “стварэнне роўных умоў”, “забараніць”.
Бадай, самае станоўчае ў сёлетнім рашэнні: для правядзення масавых мерапрыемстваў у памяшканнях засталіся буйныя палацы горада Мазыра, у тым ліку “Мазырскага НПЗ”, гарадскі Палац культуры. У сельскай мясцовасці для гэтага вызначаны актавыя залы сельскіх выканаўчых камітэтаў, дамы культуры.
Са спісу месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў перадвыбарнай агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты не ў памяшканнях знік пункт: мікрараён “Кастрычніцкі” - апошні прыпынак маршрута №7. Зноў названы стадыён “Спартак” у “Цэнтральным” мікрараёне Мазыра -- вельмі нязручны для правядзення грамадзянамі выбарчых мерапрыемстваў. Для аматараў маёвак выдзелены парк “Дружба” ў аднайменным мікрараёне. Пазначаны пляцоўкі каля Дамоў культуры ў мікрараёне “Чыгуначны” і “Зарэчны” – ДК “40 год Кастрычніку” і “20 год Перамогі”. У Мазырскім раёне нічога акрамя стадыёна “Палессе” ў п. Козенкі не выдзелена.
З месцамі для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў трэба адзначыць знікненне істотнага пункта: “витрины магазинов, учреждений культуры, учреждений здравоохранения”. Гэта наводзіць на думку, што мазырская вертыкаль робіць усе, каб пра кандыдатаў у прэзідэнты прачытала як мага меней грамадзян. Гэта відаць і па структуры распараджэння. Напрыклад, у мінулыя выбары пунктам 3 дазвалялася “руководителям предприятий, учреждений и организаций использовать имеющиеся информационные стенды в отведенных местах в ЖЭСах, общежитиях, в учреждениях образования, культуры и медицины, кинотеатрах, торговых центрах для размещения агитационных печатных материалов о кандидатах в депутаты”. У распрацаваным зараз дакуменце ён знік, а з’явіўся пункт 2. “Запретить самовольное размещение агитационных печатных материалов о кандидатах в Президенты Республики Беларусь в местах, не предусмотренных подпунктом 3.1 данного решения”.
Падпункт 3.1 рашэння паўтарае ўсе месцы і праблемы з мінулых выбараў, якія могуць стварыць напружанасць паміж кандыдатамі ў прэзідэнты і супрацоўнікамі устаноў культуры, камерцыйнымі фірмамі, прыватнымі прадпрымальнікамі і іншымі структурамі па размяшчэнню інфармацыі, рэкламы і г.д. Многія з вызначаных стэндаў такія маленькія, што месца для агітацыйных матэрыялаў усіх 10 кандыдатаў (калі яны ўсе будуць зарэгістраваны) не хопіць, хаця арт. 45, ч. 14 Выбарчага кодэкса ўстанаўлівае, што “не дапускаецца зняцце, заклейванне, замазванне, пашкоджанне плакатаў, калі гэтыя плакаты выраблены і размешчаны з выкананнем патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.
Сітуацыю каментуе мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун: “Калі ўлічыць, што гэтыя дошкі аб’яваў маюць абмежаваны фармат, то можа быць так, што на тэрмін агітацыі кандыдатаў, размяшчэння іх выбарчых плакатаў, улётак (а гэта амаль месяц) установы культуры будуць пазбаўлены магчымасці размяшчаць свае афішы, прадпрымальнікі і фірмы – абвесткі і аб’явы. Калі ж яны парушаць гэтую норму Выбарчага кодэкса і змесцяць свае афішы, аб’явы-абвесткі паверх агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў – іх чакае арт. 9.11. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – штраф ад пяці да дзесяці базавых велічыняў”. Прапановы ж мясцовых праваабаронцаў вырабіць спецыяльна для выбараў тумбы і размяшчаць іх у найбольш наведваемых месцах (каля прыпынкаў, кірмашоў, планшэты каля паліклінік, крам, у аўтобусах і г.д.) пакуль у Мазырскім райвыканкаме не пачуты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”