У Мінску і раёне ўлады вызначыліся з месцамі для агітацыі
Мінскія гарадскія і раённыя ўлады пры ўзаемадзеянні з тэрытарыяльнымі камісіямі вызначылі месцы для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў. Згодна з заканадаўствам, вызначыцца з гэтымі месцамі органы мясцовай улады павінны былі да 12 лістапада. Менавіта ў гэты дзень тэкст рашэння гарадскіх уладаў, датаваны 11 лістапада, размясціў на сваім сайце Мінгарвыканкам. Дакумент утрымлівае тры спасылкі, клікнуўшы па якіх, можна азнаёміцца са спісамі месцаў для размяшчэння агітацыйнай друкаванай прадукцыі, памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі і пляцовак для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў.
Што датычыць раённых уладаў, то давялося крыху пачакаць, каб пабачыць на свае вочы іх рашэнні. На сайце Мінрайвыканкаму пералік месцаў для масавых акцыяў, агітстэндаў і залаў для сустрэчаў з’явіўся толькі ў другой палове дня 15 лістапада. Гэта тры асобныя рашэнні, на кожным з якіх стаіць дата прыняцця - 9 лістапада. Міжволі закрадаецца думка: што ж такого загадкавага ў рашэннях уладаў Мінскага раёну, што амаль тыдзень іх прыйшлося чакаць?
Як бы там ні было, 204 залы для сустрэч з выбаршчыкамі, 177 пляцовак для масавых мерапрыемстваў і 241 месца для вывешвання перадвыбарчых улётак (гэта без уліку дазволеных для гэтых мэтаў стэндаў ля пад’ездаў дамоў і ЖЭСаў) чакаюць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі ў сталіцы. У прысталічным раёне адпаведна -- 21 зала, 11 стадыёнаў альбо прасторных пляцовак і невызначаемая колькасць інфармацыйных стэндаў і тумбаў у кожным сельсавеце (у кожным населеным пункце іх колькасць можа розніцца ў разы, бо ў раёне ёсць як маленькія вёскі, так і вельмі вялікія паселішчы, а таксама горад Заслаўе ды некалькі пасёлкаў). Якраз па месцах, дзе будзе вывешвацца друкаваная прадукцыя, пытанняў практычна не ўзнікае, інфармацыйных стэндаў у нас паўсюль хапае. Пытанне толькі, як дзесятак кандыдатаў зможа туды ўціснуцца, нават калі паздзіраць усе звычайныя абвесткі.
У Мінску большасць залаў для сустрэч з выбаршчыкамі – гэта актавыя залы школаў ды іншых навучальных установаў, а таксама часткі ЖЭСаў. У прыгарадзе, наадварот, палітыку ў школу ніхто не пускае – сустрэчы можна ладзіць толькі ў вясковых і пасялковых дамах культуры ды цэнтрах адпачынку. У Заслаўі як найбольш буйным прысталічным паселішчы вызначаны дзве залы ў двух дамах культуры.
Масавыя мерапрыемствы ў Мінску дазволена праводзіць каля многіх крамаў і рынкаў ва ўсіх раёнах горада, на некаторых школьных стадыёнах. Варта адзначыць, што пералік дазволеных для гэтага месцаў уключае і некаторыя людныя месцы ў цэнтры горада і недалёка ад яго – напрыклад, скрыжаванне вуліц Свярдлова і Ульянаўскай, дзве пляцоўкі на Нямізе, месца каля Дома быту на вуліцы Маскоўскай і насупраць яго, ля Акадэміі кіравання, тры месцы каля метро побач з вакзалам, каля метро на бульвары Трактарабудаўнікоў, каля кінатэатра “Мір” побач з плошчай Перамогі, насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, на плошчы Калініна, насупраць Камароўкі, ля кінатэатра “Кастрычнік” і г.д. Але сярод іх сустракаюцца і месцы, якія знаходзяцца на цэнтральных вуліцах паміж прыпынкамі транспарту, а гэта значыць, будуць абдзеленыя ўвагай мінакоў, што звычайна спяшаюцца па справах. У спісе месцаў сустракаюцца памылкі ў адрэсах. Колькі іх, сказаць цяжка, бо адну такую памылку ўдалося знайсці зусім выпадкова, дзякуючы доўгаму пражыванню ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Будзьце ўважлівыя, сабраўшыся на мітынг з удзелам вашага кандыдата ў Прэзідэнты да ЗАТ “Кунцаўшчына” па адрасе вул. Матусевіча, 57 – гэта адрас жылога дома! А крама “Кунцаўшчына” насамрэч месціцца па Матусевіча, 75. Напэўна, па спальных раёнах Мінска могуць сустрэцца і іншыя памылкі падобнага кшталту.
Затое ў Мінскім раёне ў дазволеных месцах заблытацца немагчыма – іх зусім няшмат, літаральна па адным на сельсавет. Часцей за ўсё гэта вясковыя стадыёны (у некаторых вёсках, па назіраннях, на іх можа пасвіцца прыватная кароўка). Зрэшты, стадыёнам іншых вёсак, наадварот, пазайздросцілі б некаторыя гарады. Але, напрыклад, у Крупіцы, дзе збудаваны менавіта такі стадыён, дазволена збірацца толькі перад Цэнтрам культуры. У Мачулішчах і Заслаўі для масавых мерапрыемстваў вылучаныя цэнтральныя плошчы гэтых самых буйных у раёне паселішчаў. Аднак незразумелая карціна ў Бараўлянскім сельсавеце - вельмі густанаселеным, амаль суцэльна забудаваным. Тут выбаршчыкаў адпраўляюць слухаць кандыдатаў у прэзідэнты толькі на стадыён у суседняе Валяр’янава. У Калодзішчах самай падыходзячай пляцоўкай аказалася разваротнае кальцо транспарта, тое самае – у Аколіцы, якая нават не з’яўляецца цэнтрам сельсавета. Можна толькі здагадвацца, чаму не ўдалося адшукаць нейкае разваротнае кальцо ў Астрашыцкім гарадку. Відаць, таму ж, чаму і не існуе для выбаршчыкаў і стадыёна ў Бараўлянах. Магчыма, па той жа прычыне няма вызначаных месцаў для масавых мерапрыестваў у Рогаўскім і Ждановіцкім сельсаветах. Такое ўражанне, што ўлады старанна абыйшлі мясцовасці, дзе месцяцца рэзідэнцыі дзеючага кіраўніка дзяржавы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”