Маладэчна. Умовы для агітацыі пагоршыліся
Нарэшце абнародаваны рашэнні Маладэчанскага райвыканкама аб месцах для перадвыбарчай агітацыі. Адпаведныя дакументы з’явілася на райвыкамаўскім сайце. Датаваныя яны 11 лістападам, але чамусьці ў суботняй прэсе апублікаваныя яшчэ не былі.
“У мяне проста няма слоў... Гэта насмешка!” – так пракаментаваў рашэнні праваабаронца Алесь Капуцкі, калі азнаёміўся з рашэннямі выканкама.
Справа ў тым, што для сустрэч з кандыдатамі райвыканкам дазволіў толькі Цэнтральную бібліятэку і Палац культуры чыгуначнікаў. Толькі два памяшканні ў вялікім горадзе Маладэчна, ды і тыя знаходзяцца не ў лепшым стане і размяшчаюцца не ў самых зручных месцах. Асаблівае здзіўленне выклікае адсутнасць у спісе дазволеных месцаў самага, бадай, прыдатнага для падобных мерапрыемстваў Палаца культуры, у якім на мінулых выбарах ужо адбываліся сустрэчы з выбаршчыкамі.
Правядзенне мітынгаў і пікетавання ў Маладэчне наогул дазволена толькі на канцэртнай пляцоўцы парка Перамогі. У зімовы час гэта месца скрайне нязручнае і нешматлюднае.
Можна пералічыць яшчэ як мінімум два дзесяткі памяшканняў і столькі ж вулічных пляцовак у розных раёнах горада, дзе можна было б зладзіць масавыя мерапрыемствы.
Спіс месцаў для агітацыйных матэрыялаў таксама вельмі абмежаваны. Ён уключае толькі 32 аб’екты. Многія шматлюдныя месцы ў ім адсутнічаюць, напрыклад: гандлёвы цэнтр “Тройка”, паліклініка, крама “Базар”, інфармацыйныя стэнды каля крамы “Юбілейны”.
Такім чынам, у параўнанні з мінулымі выбарамі інфармацыя будзе значна менш даступнай, а некаторыя раёны Маладэчна наогул будуць пазбаўлены перадвыбарчай агітацыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
На фота: Палац культуры чыгуначнікаў