viasna on patreon

Падчас выбарчых кампаній ўвага да праваабаронцаў з боку падаткавых органаў стала падвышаецца

2010 2010-11-17T17:07:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pres-vybary2-05.11.10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Cёння, 17 лістапада, прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч па пошце атрымаў патрабаванне аб прадастаўленні дэкларацыі аб даходах і маёмасці за 2009 год у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Партызанскаму раёну г.Мінска.

Праваабаронцу просяць прадставіць такую дэкларацыю не пазней за 30 лістапада гэтага года.

В.Стэфановіч зарэгістраваны як падаткаплацельшчык у падаткавай інспекцыі Партызанскага раёна. Ён адзначае, што ў сакавіку гэтага года прадставіў дэкларацыю за 2009 год з указаннем усяго даходу, які атрымаў, працуючы па грамадска-прававых дамовах, і ўплаціў налічаны з даходу падатак. Таму праваабаронца выказвае здзіўленне з нагоды атрыманага патрабавання.

- Падчас парламенцкіх выбараў у 2008 годзе –– пасля прэс-канферэнцыі з нагоды пачатку назірання ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” - такія патрабаванні ад падаткавых органаў атрымалі прадстаўнікі кампаніі Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, у тым ліку і я. У мяне была праверка падаткавай інспекцыі па Партызанскаму раёну за 10 гадоў – з 1998 па 2008. Прычым правяралі не толькі мяне, але і членаў маёй сям’і – бацьку, жонку. Ніякіх схаваных даходаў ці няўлічанай маёмасці падчас праверкі у мяне знойдзена не было. І вось зараз ад мяне зноўку патрабуюць прадставіць дэкларацыю. Здзіўляе, што ад мяне хочуць пачуць яшчэ нейкую дадатковую інфармацыю за 2009 год. Прычым ніякіх зменаў з 2008 года не адбылося – у мяне не з’явілася ніякіх новых кватэраў, машынаў, зямельных надзелаў ці яшчэ чагосьці, - кажа В.Стэфановіч.

І тут праваабаронца заўважае пэўную тэндэнцыю:

- Праверкі супадаюць з выбарчымі кампаніямі ў краіне - у 2008 годзе праходзілі парламенцкія выбары, зараз ідзе прэзідэнцкая кампанія. Я як прадстаўнік ПЦ “Вясна” прымаю актыўны ўдзел у кампаніі па назіранні за выбарамі. Безумоўна, я звязваю ўсё гэта выключна са сваёй дзейнасцю і расцэньваю як факт ціску на мяне.

Разам з тым, В.Стэфановіч выказвае спадзяванне, што ўлады гэтым разам абмяжуюцца ў метадах уціску на праваабаронцаў.

- У 2008 годзе мы, праваабаронцы, таксама патрапілі ў спіс і больш за паўтары гады пры кожным перасячэнні мяжы падвяргаліся мытнаму дагляду. Я спадзяюся, што на хвалі “лібералізацыі” нашыя ўлады больш не будуць выкарыстоўваць нейкіх дадатковых мераў уціску ў адносінах да мяне і абмяжуюцца толькі патрабаваннем вось гэтай дэкларацыі за год. “Лібералізацыя” ўсё ж відавочная – у 2008-ым патрабавалі за 10 год, зараз – за год, - падкрэслівае ён не без іроніі. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства