Бабруйск: Агітацыя за Лукашэнку ўжо пачалася
Газета гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” не саромееца выкарыстоўваць свае палосы на дачасную агітацыю за дзеючага прэзідэнта. У нумары 92-м ад 17 кастрычніка быў надрукаваны матэрыял пад назвай “С курса не собьемся” з апісаннем поспехаў і дасягненняў Аляксандра Лукашэнкі.
“Мой жыццёвы і больш чым паўвекавы журналісцкі вопыт дазваляюць мне сцвярджаць, што верныя прыярытэты развіцця краіны абраныя нашым Прэзідэнтам”, - піша аўтар артыкула Аляксей Бабкоў. Далей вопытны журналіст распавядае чытачам пра курс на збліжэнне з Расіяй і яго ініцыятара – прэзідэнта, закранае праблему пераадольвання крызісаў: “бо наш Прэзідэнт любіць свой народ, клапоціцца аб яго дабрабыце”. “Прэзідэнт ведае ўсе патрэбы і запросы сяла… ” “Бясспрэчна, вялікая заслуга Лукашэнкі ў тым, што заробкі і пенсіі ў нас выплочваюцца шмат год своечасова і яны вышэй, чым ва ўсіх постсавецкіх краінах, акрамя Расіі”. “Наша Беларусь – гэта адзіная выспачка… дзе няма нацыянальных канфліктаў, міжрэлігійных звад”, - не скупіцца на кампліменты А. Бабкоў.
Адзінае, што не дае спакою аўтару “Бабруйскага жыцця” - тое, што “некаму Аляксандр Рыгоравіч не падабаецца”. Рускія алігархі, якія “на фоне нашага Прэзідэнта паўстаюць у нявыгадным святле… бо на іх вачах адраджаецца і развіваецца дзяржава і грамадства, а ў Расіі гэта ўсё ж адбываецца з цяжкасцю”, “наязжаюць” і “накатваюць” на дзеючага прэзідэнта з дапамогай тэлебачання.
Напрыканцы свайго опусу Аляксей Бабкоў суцяшае прыхільнікаў “БЖ” - піша, што “дзякуючы вытрымцы і цярпенню, сіле волі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі наш карабель, як плыў у зададзеным накіірунку, так і будзе працягваць свой курс. І ніхто не зможа збіць нашую суверэнную і незалежную дзяржаву з прызначанага шляху”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”