“Аршанская газета”: Пра працу аршанскіх камісій -- ні радка
У апошнім нумары дзяржаўнай “Аршанскай газеты” на першай паласе пад рубрыкай “19 снежня - выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” апублікаваны вынікі праверкі подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты ў … Віцебскай вобласці.
Было б лагічна, калі вынікі па вобласці публікаваліся ў абласной газеце, а ў раённай, якой і з'яўляецца “Аршанская газета”, падаваліся вынікі праверкі тых жа подпісаў па Оршы і Аршанскім раёне.
Але не тут тое было. Пра вынікі здачы подпісаў у аршанскія камісіі, выніках іх праверкі можна прачытаць дзе заўгодна, толькі не ў мясцовай раёнцы. На яе старонках рэгулярна публікуюцца матэрыялы БелТА з Цэнтравыбаркаму. Затое пра працу аршанскіх камісій не напісана ніводнага радка. Складаецца ўражанне, што на інфармацыйнае забеспячэнне іх дзейнасці дзяржпрэса наклала нейкае табу.
Некаторыя назіральнікі выказваюць меркаванне, што мясцовая раёнка змяніла статус і зараз адчувае сябе рэспубліканскім выданнем, для якога мясцовыя навіны з'яўляюцца занадта правінцыйнымі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”