Барысаў. Памяшканні для сустрэч цалкам прымальныя
Барысаўскі райвыканкам апублікаваў рашэнне аб вызначэнні памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асоб з выбаршчыкамі.
У адрозненні ад месцаў для сустрэч пад адкрытым небам, якія размяшчаюцца «наводшыбе», памяшканні выдзелены цалкам прымальныя. Кандыдаты ў прэзідэнты і іх давераныя асобы змогуць сустрэцца з выбаршчыкамі ў даволі камфортных умовах.
Пад сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі выдзелены гарадскі Палац культуры, Палацы культуры трох буйных прамысловых прадпрыемстваў (завода «Аўтагідраўзмацняльнік», ААТ «Барысаўдрэў» і ВА «Экран»), Дом афіцэраў у ваенным гарадку Печы і нават самы вялікі кінатэатр горада - «Кастрычнік». Як кажуць сябры ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў, памяшканні размяшчаюцца ў лёгкадаступных месцах, у густанаселеных раёнах горада, што будзе спрыяць масавасці сустрэч.
Праўда, у перыяд прэзідэнцкай кампаніі 2006 года адміністрацыя кінатэатра «Кастрычнік» не дала магчымасці Аляксандру Мілінкевічу сустрэцца з выбаршчыкамі, спаслаўшыся на нібыта запланаванае на абумоўлены для сустрэчы час мерапрыемства. Магчыма, на гэты раз падобных інцыдэнтаў не будзе.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"