У Салігорску выбары "лібералізавалі" вулічны гандль
Яшчэ паўгады назад мясцовыя ўлады бадзёра рапартавалі аб поспехах на ніве барацьбы з несанкцыянаваным гандлем на так званых стыхійных базарах каля гарадскіх крамаў. Аднак старт выбарчай кампаніі ўнёс змены і ў гэтую сферу грамадскіх адносін.
Зацятая барацьба з незаконнымі гандлярамі, як называюць вулічных бабулек работнікі салігорскага РАУС, вядзецца ўжо не адзін год. Адмысловая заканадаўчая норма ўнесена ў Адміністрацыйны кодэкс, і тое, што закон скіраваны найперш супраць старэйшага пакалення, прадстаўнікі ўлады заяўлялі адкрытым тэкстам: "Штраф у 105 тысяч рублёў безумоўна паслужыць перасцерагаючым фактарам для незаконных гандляроў, большасць з якіх пенсіянеры." Як вядома, гэтая частка грамадства традыцыйна складае электаральны базіс дзеючага кіраўніка дзяржавы. Верагодна таму пачатак перадвыбарчай прэзідэнцкай гонкі адзначыўся кардынальнай зменай палітыкі з боку дзяржавы і ў гэтым пытанні. Цяпер "незаконныя гандляркі" адчуваюць сябе прывольна нават у цэнтры гораду ў непасрэднай блізкасці ад будынка райвыканкаму. У іх саміх не ўзнікае нават сумневаў у сувязі паміж гэткай "лібералізацыяй" і пачаткам выбарчых мерапрыемстваў: "Хай бы выбары Прэзідэнта праводзіліся штогод. Ніхто б нас тады не чапаў".
Мы спадзяемся, што з'яўленне дадзенай інфармацыі не стане нагодай для ўціску на вулічных гандлярак, а “лібералізацыя” ў адносінах да пенсіянераў, якія дзякуючы нялёгкай працы могуць крыху папоўніць свой бюджэт, не завершыцца адразу пасля дня выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”