Праваабаронцы падзяліліся сваім меркаваннем аб ходзе выбарчай кампаніі з кіраўніцтвам місіі АБСЕ
17 лістапада адбылася сустрэча кіраўніцтва і экспертаў назіральнай місіі АБСЕ з прадстаўнікамі кампаніі па маніторынгу выбараў “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. У сустрэчы з кіраўніком міжнароднай місіі Гертам Арэнсам і экспертамі па прававых пытаннях Барысам Дзяканавым і Айжанай Беккуліевай прынялі ўдзел эксперты Беларускага Хельсінкскага камітэту і Праваабарончага цэнтра “Вясна”: Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, Гары Паганяйла, Дзмітрый Чарных і Уладзімір Шчэрбаў.
Праваабаронцы, якія прадстаўляюць нацыянальную маніторынгавую кампанію, перадалі назіральнікам АБСЕ этапныя і тыднёвыя аналітычныя справаздачы, у якіх адлюстраваны вынікі назірання за прайшоўшымі этапамі выбарчай кампаніі, а таксама аналіз бягучых падзеяў, звязаных з ходам прэзідэнцкіх выбараў.
Экспертаў АБСЕ цікавілі пытанні, датычныя магчымасці праводзіць паўнавартаснае нацыянальнае назіранне, у прыватнасці, прысутнічаць падчас усіх выбарчых працэдур. Асобна абмяркоўвалася праблема, з якой сутыкнуліся беларускія назіральнікі падчас праверкі сапраўднасці подпісаў, пададзеных за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты – паўсюдныя адмовы ў адсочванні гэтага працэсу. Праваабаронцы выказалі ўпэўненасць, што ўсе выбарчыя працэдуры павінны быць адкрыты для назірання, а тое, што артыкул 13 Выбарчага кодэкса наўпрост не гарантуе права прысутнічаць падчас праверкі падпісных лістоў, не азначае, што гэта забаронена, паколькі забароны дадзены артыкул таксама не ўтрымлівае.
Назіральнікі міжнароднай і нацыянальнай місіяў дамовіліся падтрымліваць кантакты і сустракацца надалей.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”