У Бярозе і Белаазёрску агітацыйны марафон будзе на стадыёнах
17 лістапада ў раённай газеце “Маяк” з’явілася паведамленне аб рашэнні Бярозаўскага райвыканкама ад 10.11.2010 года №1448 “Аб месцах для правядзення масавых мерапрыемстваў для здзяйснення перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і іх даверанымі асобамі”.
Рашэннем райвыканкама для сходаў па-за памяшканнем, мітынгаў і пікетаў для Бярозы і Белаазёрска вызначаны 4 стадыёны. Цяжка назваць гэтыя месцы спрыяльнымі ўзімку для правядзення масавых мерапрыемстваў, якія будуць арганізоўвацца кандыдатамі ў прэзідэнты.
Для правядзення сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі для Бярозы выдзелены Дом культуры на вуліцы Камсамольскай, на ўскрайку горада, а не ў цэнтры - на вуліцы Савецкай.
Для сустрэч на вясковых тэрыторыях выдзелены толькі 4 Дамы культуры:
Боркаўскі, Междулескі, Нарутавіцкі і Спораўскі. Гэта ахоплівае ўсяго да 30% сельскага насельніцтва. Здзіўляе, што ў гэтым ліку адсутнічаююць Малецкі Дом культуры, Сялецкі, Пескаўскі. Гэта вялікія мястэчкі з актыўным насельніцтвам. Напрыклад, толькі ў мястэчку Малеч пражывае 2 тысячы насельніцтва, каля 900 – у Сяльцы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”